Больш за 1240 дзяцей атрымалі падарункі ад Гомельскай епархіі

09 верасня 2019

top.jpg

Традыцыйная штогадовая акцыя «Збяры партфель у школу» завяршылася ў Гомельскай епархіі.

Пачатак новага навучальнага года — свята для любога дзіцяці. Але, на жаль, далёка не ва ўсіх дзяцей ёсць бацькі і не кожная сям'я мае магчымасць забяспечыць дзіця ўсім неабходным для школы. І дапамагчы дзецям зрабіць гэты дзень радасным можа кожны з нас.

Прыходы і епархіяльны аддзел па сацыяльнаму служэнню сабралі ахвяраванні для дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных, няпоўных, апякунскіх, прыёмных, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы сем'яў, а таксама для выхаванцаў сацыяльных устаноў і падапечных грамадскіх дабрачынных арганізацый.

Больш за 1240 дзяцей на ўрачыстых мерапрыемствах атрымалі ў падарунак партфелі, школьныя прыналежнасці, адзенне, абутак, сродкі гігіены, салодкія падарункі, а таксама благаславенне ад святароў.

Епархія выказвае ўдзячнасць усім, хто дапамог школьнікам пачаць шлях да ведаў і сустрэць 1 верасня з усмешкай. Бо дзіцячая ўсмешка ўзбагачае тых, хто яе атрымлівае, не збядняючы пры гэтым тых, хто яе дорыць. Яна доўжыцца імгненне, а ў памяці застаецца часам назаўжды.

Гомельская епархія / Church.by