Больш за 400 чалавек прынялі ўдзел у забегу цвярозасці ў Гродне
03 студзеня 2019Па ініцыятыве Гродзенскай епархіі і пры ўдзеле клуба аматараў бегу Run4Fun 1 студзеня ў горадзе над Нёманам адбыўся забег цвярозасці. У тым, наколькі ідэя забегу прыйшлася даспадобы жыхарам Гродна, можна было пераканацца анлайн: праз афіцыйны акаўнт grodnonews.by у Instagram праводзілася прамая трансляцыя акцыі.
Штогадовы зімовы забег цвярозасці ўпершыню правялі пяць гадоў таму. Тады нялёгка было прадбачыць, што акцыя стане адным з лёгкаатлетычных аматарскіх брэндаў рэгіёну.
На самы першы забег цвярозасці, успамінае Дзяніс Шаўчэнка, адзін з арганізатараў падзеі, тады прыйшлі каля 50 чалавек. А ў першы дзень 2019 года ў лесапаркавым масіве Пышкі сабраліся ўжо больш за 400.
— Тады гэта было вельмі радыкальна — мала хто верыў у поспех забегу цвярозасці. Але менавіта гэта, мне здаецца, і прыцягнула — ці ты бяжыш, кідаеш выклік, ці ты адпачываеш за сталом. Менавіта гэтым прабегам мы зматывавалі дзясяткі людзей, якія раней ніколі не бегалі. Цяпер яны выходзяць на прабежкі і ў звычайныя дні. І гэта вельмі выдатна, — распавядае Дзяніс Шаўчэнка.
Тут жартуюць, што для тых, хто ў навагоднюю ноч, як гэта звычайна бывае, вырашыў з першага студзеня пачаць мяняць сваё жыццё, забег цвярозасці — варыянт проста ідэальны.
Бег аб'яднаў і зусім маленькіх спартсменаў, і пажылых атлетаў, і прафесіяналаў, і аматараў, якія штодня выходзяць на ранішнія прабежкі. На навагодняй дыстанцыі ў 4,3 кіламетра беглі і чыноўнікі, і бізнесмены, і студэнты, і супрацоўнікі кампаній самых розных галін. Дарэчы, каб у непагодлівы першы дзень Новага года ўдзельнікам было цяплей і ўтульней, хлопцы з «Молочного мира» раздавалі смачнае цёплае малако з мёдам, побач быў гарачы чай і печыва.
— Я практычна кожную раніцу бегаю, таму для мяне гэта не вялікая прыгода. А ўлічваючы, што такая вялікая колькасць аднадумцаў тут, гэта наогул свята нейкае. У мінулым годзе я бег таксама ў першы раз, паглядзеў на ўсіх людзей, што сабраліся, і зразумеў: трэба так бегаць кожны год. Ды і наогул у звычайны дзень цяпер на гродзенскіх вуліцах сустракаеш усё больш і больш людзей на прабежцы — распавёў удзельнік забегу Юрый Уткін.
Гэта забег, у якім, як падкрэсліваюць арганізатары, важная не перамога, а ўдзел. І ўсё ж без спаборніцкага духу бегчы было б не так цікава. Медалі на чырвоных стужках атрымалі ўсе ўдзельнікі, а першым фініш перасёк Генадзь Верхаводкін.
Дарэчы, гэтая бегавая традыцыя ўжо пяты год запар належала выключна Гродзенскаму рэгіёну. І вось 1 студзеня 2019 года прыклад Гродна перанялі ў сталіцы — у першы дзень Новага года аналагічны «цвярозы» прабег вырашылі арганізаваць прыхільнікі здаровага ладу жыцця і ў Мінску. Арганізатары разлічваюць, што падобнае геаграфічнае пашырэнне бегавога фармату пойдзе толькі на карысць актыўнаму ладу жыцця беларусаў.
Фота: БелТА