Царква моліцца аб здароўі мітрапаліта Філарэта
22 снежня 2020Дарагія браты і сёстры!
У цяперашні час Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт у сілу яго паважнага ўзросту шпіталізаваны ў адной са сталічных клінік для праходжання курсу лячэння.
Архіпастыр знаходзіцца пад наглядам высокакваліфікаваных урачоў і вопытнага медперсаналу. Стан здароўя ўладыкі ацэньваецца медыкамі як здавальняючы.
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін заклікае ўсіх верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы — архіпастыраў, святароў, манахаў і міран — узмацніць малітвы аб мітрапаліце Філарэце, просячы ў Госпада даравання моцы сіл і хутчэйшага поўнага выздараўлення яго Высокапраасвяшчэнству.
Прадстаяцель Беларускай Царквы таксама просіць усіх быць уважлівымі да ўласнага здароўя і праяўляць клопат аб здароўі навакольных, выконваючы прафілактычныя меры, рэкамендаваныя Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Малітва за хворага
Уладыка Уседзяржыцелю, Святы Цару, Які настаўляе і не ўмярцвяе, Які падтрымлівае тых, хто падае, і падымае скінутых, цялесныя пакуты чалавечыя ацаляе, молімся Табе, Божа наш, наведай Тваёю ласкай раба Твайго мітрапаліта Філарэта, які пакутуе на немач, прабач яму ўсякае саграшэнне вольнае і міжвольнае. Госпадзі, пайшлі з нябёсаў лячэбную сілу Тваю, дакраніся да яго цела, згасі ў ім жар, спыні пакуты і ацалі ўсякую немач, якая знаходзіцца ў ім; будзь урачом раба Твайго мітрапаліта Філарэта і падымі яго з ложа хваробы, з пасцелі пакуты цэлым і цалкам здаровым; дай яму Царкве Тваёй дагаджаць і выконваць волю Тваю. Бо ў Тваёй уладзе мілаваць і ратаваць нас, Божа наш, і мы ўзносім Табе славу, Айцу і Сыну і Святому Духу, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.. Амінь.