Цыркулярны ліст мітрапаліта Веніяміна аб памінанні спачылага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева)
22 студзеня 2021ЕПАРХІЯЛЬНЫМ ПРААСВЯШЧЭННЫМ
БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ
АЙЦАМ БЛАГАЧЫННЫМ МІНСКАЙ І БАРЫСАЎСКАЙ ЕПАРХІЙ
НАМЕСНІКАМ І НАСТАЯЦЕЛЬНІЦАМ
СТАЎРАПІГІЯЛЬНЫХ МАНАСТЫРОЎ,
МАНАСТЫРОЎ МІНСКАЙ І БАРЫСАЎСКАЙ ЕПАРХІЙ
Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы, матушкі ігуменні,
дарагія браты і сёстры!
20 студзеня 2021 года споўнілася дзевяць дзён з часу смерці Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). У гэты дзень у храмах і манастырах Беларускай Праваслаўнай Царквы здзяйснялася ўзмоцненая малітва аб упакаенні душы горача намі любімага архіпастыра.
Як вядома, малітоўнае памінанне нябожчыка асабліва важнае на працягу сарака дзён з часу яго скону. Таму мяркую неабходным і заклікаю клір, манахаў і міран да 20 лютага 2021 года ўключна (калі спаўняецца сорак дзён з моманту смерці ўладыкі) далучаць да штодзённага малітоўнага правіла дадаткова адну кафізму Псалтыры, дадаючы да яе прашэнні аб спачыне памерлага днямі Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта. Для святароў і манахаў гэтая малітоўная праца — не проста послух, але і сыноўні абавязак перад спачылым беларускім першасвяціцелем, які ў дні свайго зямнога быцця штодзённа праяўляў самаадданую апеку аб Царкве Хрыстовай і аб кожным з нас. Спадзяюся, што і міране, усе верныя дзеці нашай Царквы ў меру сіл і магчымасцяў падзеляць з духавенствам і манахамі гэтую набожную малітоўную працу.
У дадатак да малітоўнага правіла можна маліцца коратка на працягу дня: «Упакой, Госпадзі, душу спачылага раба Твайго памерлага днямі мітрапаліта Філарэта», або чытаць поўную малітву: «Упакой, Госпадзі, душу спачылага раба Твайго, памерлага днямі мітрапаліта Філарэта, і выбач яму ўсякае саграшэнне свядомае і несвядомае, і спадобі Царства Нябеснага».
Акрамя асаблівай, прыватнай малітвы благаслаўляецца ў храмах і манастырах Беларускага Экзархату да саракавога дня з часу прастаўлення архіпастыра за кожнай Бажэственнай літургіяй здзяйсняць заўпакойныя екценні аб новаспачылым.
Па заканчэнні Бажэственнай літургіі ў нядзельныя дні, а ў шматклірных прыходах — пасля кожнай Бажэственнай літургіі, якія здзяйсняюцца на працягу тыдня, благаслаўляецца здзяйсненне паніхід па новаспачыламу мітрапаліту Філарэту. Па заканчэнні вячэрніх богаслужэнняў (пасля завяршэння 1-й гадзіны) — памінальную ліцію па спачыламу.
У стаўрапігіяльных і епархіяльных манаскіх абіцелях у дадатак да вышэйпададзенага мяркую неабходным перыядычнае здзяйсненне асаблівых памінальных літургій па новаспачыламу ўладыку з тым, каб да 20 лютага іх агульная колькасць у межах Экзархату дасягнула не менш за сорак.
Дарагія айцы, браты і сёстры, аб'яднаем нашы намаганні і здзейснім пасільны ўклад у справу малітвы аб упакаенні душы новаспачылага архіпастыра, засведчыўшы перад Богам нашу любоў да духоўнага настаўніка і Айца, «адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам» выпрасіўшы ў Пастыраначальніка Госпада ўдастоіць душу спачылага вечнай асалоды ў Нябесным Царстве.
Душа яго няхай у дабры спачывае і памяць яго з роду ў род!
З любоўю аб Госпадзе,
+ Веніямін,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
20 студзеня 2021 года
Фота: іерэй Мікалай Савіцкі (Мінская духоўная семінарыя)