Дзень памяці святых Мяфодзія і Кірыла і Дзень славянскага пісьменства і культуры ўрачыста адзначылі ў Мінску
24 мая 2019Традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар дня памяці роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла і Дня славянскага пісьменства і культуры адбыліся ў гістарычным цэнтры Мінска 24 мая 2019 года.
Для Свята-Духава кафедральнага сабора беларускай сталіцы гэты дзень — асаблівае свята: менавіта ў гонар святых Кірыла і Мяфодзія асвячоны прастол хрысцільнага храма сабора.
Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Бажэственную літургію ў Свята-Духавым кафедральным саборы ўзначаліў старшыня Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін.
Архіпастыру саслужылі клірыкі сабора і благачынныя царкоўных акруг Мінскай епархіі. Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі саборны хор пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.
За літургіяй маліліся прадстаўнікі Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» на чале са старшынёй праўлення святаром Святаславам Рагальскім, навучэнцы Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі БДУ, актывісты праваслаўных моладзевых брацтваў, прыхаджане сталічнага Кірыла-Мяфодзіеўскага прыхода, мінчане, якія прыйшлі ўшанаваць памяць святых братоў-асветнікаў славян.
На патроенай екценні былі ўзнесены малітоўныя прашэнні аб цяпер тэзаімянітым Свяцейшым Патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі Кірыле. Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў протаіерэй Ігар Латушка.
Па завяршэнні Літургіі епіскап Веніямін, духавенства і багалюбювыя вернікі хрэсным ходам прайшлі да мемарыяльнай дошкі з выявамі святых Мяфодзія і Кірыла, размешчанай на паўночнай сцяне Свята-Духава кафедральнага сабора. Архіпастыр узначаліў слаўленне роўнаапостальным Салунскім братам і ўсклаў да мемарыяльнай дошкі букет чырвоных руж.
Далей хрэсны ход накіраваўся да Мінскага замчышча. На паўдарозе да шэсця далучыліся клірыкі і прыхаджане Петра-Паўлаўскага сабора на чале з епіскапам Бараўлянскім Ігнаціем, вікарыем Мінскай епархіі.
Ля падмурка Замкавай царквы — першага мінскага праваслаўнага храма, узведзенага ў XI стагоддзі, — уладыка Веніямін звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, у якім падкрэсліў гістарычную значнасць і вечную актуальнасць подзвігу святых Мяфодзія і Кірыла.
Епіскап Веніямін і епіскап Ігнацій у саслужэнні духавенства здзейснілі малебен, па заканчэнні якога слова для прывітання было прадастаўлена высокім гасцям: намесніку Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алене Іванаўне Радчанка і намесніку начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алегу Аляксандравічу Скарыне. Выступленні прадстаўнікоў дзяржавы перамяжоўваліся спевамі архіерэйскага хору Свята-Духава кафедральнага сабора.
Уладыка Веніямін падзякаваў прысутным за перажытую радасць свята і пажадаў усім моцы духоўных і цялесных сіл па малітвах святых Кірыла і Мяфодзія, пасля чаго ўдзельнікі хрэснага ходу вярнуліся ў Свята-Духаў сабор.