Дырэктар дабрачыннага фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў» Наталля Ярашэвіч: «Сям'я — гэта галоўная каштоўнасць мінулага, сучаснасці і будучыні. І ў нашых руках зрабіць усё магчымае, каб захаваць гэтую каштоўнасць»
22 верасня 202122 верасня 2021 года ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбыўся круглы стол на тэму: «Умацаванне сямейных каштоўнасцяў у інфармацыйнай прасторы. Вопыт экспертнай ацэнкі».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, кафедры медыялогіі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Фонду Святога Усехвальнага апостала Андрэя Першазванага (у рэжыме анлайн), Дабрачыннага Фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў», Фонду імя Аляксея Талая, вядучых рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных і электронных СМІ.
Дырэктар Дабрачыннага фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакровы» Наталля Ярашэвіч у сваім выступленні адзначыла, што велізарную ролю ў выхаванні пакаленняў іграе інфармацыйная прастора, якой сучасны чалавек агорнуты з усіх бакоў. Пры гэтым пераважная доля кантэнту, асабліва ў сетцы Інтэрнэт, у сваёй аснове мае дэструктыўны пасыл і зусім не накіравана на трансліраванне святасці мацярынства, бацькоўства і дзяцінства. Гэта спараджае ў грамадстве многія сацыяльныя праблемы — аборты, разводы, сацыяльнае сіроцтва і іншыя.
Для вырашэння вышэйназваных праблем у 2020 годзе фондам сумесна з Цэнтрам падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» і неабыякавымі актывістамі былі распрацаваны, а затым узгоднены ў органах дзяржаўнага кіравання макеты банэраў у абарону жыцця і прафілактыкі абортаў. У цяперашні час можна бачыць больш за 200 сацыяльных білбордаў у Мінску, Магілёве, Віцебску, Гомелі, Гродне, Брэсце, Баранавічах, Бабруйску, Оршы, Барысаве, Жлобіне, Мазыры, Полацку, Наваполацку, Салігорску, Слуцку і іншых гарадах.
У метрапалітэне горада Мінска і на ТВ-канале «Еўропа плюс» вядзецца трансляцыя відэаролікаў «Захавай жыццё».
«Сёлета мы пашырылі рэкламную кампанію і сумесна з Сінадальным інфармацыйным аддзелам Беларускай Праваслаўнай Царквы распрацавалі слоганы, правялі анкетаванне, сабралі зваротную сувязь ад прадстаўнікоў мэтавай аўдыторыі і прыступілі да фотасесіі. Героямі рэкламы стануць рэальныя сем'і — яны будуць прадстаўлены на банэрах і з імі будуць змантаваныя відэаінтэрв'ю. Так мы зможам раскрыць глыбіню і прыгажосць, гісторыю кожнай сям'і. Такім чынам, наша рэкламная кампанія будзе шматграннай і ахопіць найбольшую аўдыторыю», — распавяла аб планах Наталля Ярашэвіч.
У сваім выступленні яна таксама звярнула ўвагу на тое, што абараняючы дзяцей і сем'і, якія знаходзяцца ў цяжкіх сітуацыях, у цэлым выступаючы цалкам за інтарэсы сям'і, фонд занепакоены прапановай праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змене законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў», у якім гаворыцца аб хатнім гвалце.
«Вельмі шмат у гэтым законапраекце перадумоў для ювенальнай юстыцыі і падобных норм з Канвенцыяй Савета Еўропы аб прадухіленні і барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын і хатнім гвалтам (таксама вядомай як Стамбульская Канвенцыя), з якой, дарэчы сам Стамбул нядаўна выйшаў, усвядоміўшы тое, што яна ў сабе на самай справе нясе», — патлумачыла Наталля Ярашэвіч.
Падагульніўшы сваё выступленне, дырэктар Фонду адзначыла, што сям'я — гэта галоўная каштоўнасць мінулага, сучаснасці і будучыні. І ў нашых руках зрабіць усё магчымае, каб захаваць гэтую каштоўнасць.
Фота: dompressy.by