«Для ўрачоў важна мець перад вачыма узор маральнага ідэалу». У Мінску будзе асвячаны храм у гонар святога Яўгенія (Боткіна)

12 ліпеня 2019

top.jpg

8 ліпеня ў прэс-цэнтры Дома прэсы (Мінск) прайшла прэс-канферэнцыя «Подзвіг навамучанікаў у прызме этычнага доўгу ўрача», прымеркаваная да асвячэння першага храма ў Рэспубліцы Беларусь у гонар святога праведнага страстацерпца Яўгенія Боткіна, урача.

Удзел у мерапрыемстве прынялі:

Протаіерэй Кірыл Шолкаў, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель храма ў гонар іконы Божай Маці «Усецарыца» у горадзе Мінску;

Марына Віктараўна Ткачэнка — загадчык кафедры арганізацыі аховы здароўя ДУА «Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт;

Юлія Аляксандраўна Барадун — прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь;

Аляксандр Аляксандравіч Райчонак — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Айцец Кірыл коратка распавёў пра Яўгенія Боткіна, яго жыццё, прафесійнаю дзейнасць, вернасць урачэбнай клятве і абавязку хрысціяніна.

— Яго вобраз вельмі важны ў святле прафесійнай дзейнасці медыкаў і праблемы іх эмацыянальнага выгарання. На гэтым фоне мы вельмі цесна супрацоўнічаем з медыцынскім універсітэтам, з яго студэнтамі. Мне здаецца, для будучых урачоў важна мець перад вачыма узор маральнага і прафесійнага ідэалу, да якога трэба імкнуцца, — падзяліўся думкай старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці.

Юлія Барадун, прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, адзначыла, што асноўная мэта супрацоўніцтва паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам аховы здароўя — узаемная дапамога ў галіне аховы здароўя насельніцтва. Гэта, у прыватнасці, медыка-сацыяльная, духоўная дапамога, супрацоўніцтва па фарміраванню здаровага ладу жыцця, распрацоўка сістэмы мерапрыемстваў па прафілактыцы залежнасцяў і г. д. Праграма настолькі разнастайная, што пад яе падпадае практычна любая катэгорыя насельніцтва Беларусі. Таксама мяркуюцца мерапрыемствы, накіраваныя на падрыхтоўку груп з ліку святароў і вернікаў для добраахвотнага клопату за пацыентамі ў арганізацыях аховы здароўя. Яшчэ адным сур'ёзным адукацыйным праектам з'яўляецца праца цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля», дзе праводзяцца серыі мерапрыемстваў па рабоце з маладымі мамамі і дзецьмі.

Аляксандр Райчонак выступіў са змястоўным дакладам аб жыцці святога Яўгенія Боткіна, растлумачыўшы сутнасць яго грамадзянскага, урачэбнага і хрысціянскага подзвігу.

Марына Шчавялёва адзначыла, што беларуская медыцына ўсё часцей сутыкаецца пры падрыхтоўцы ўрачоў з пытаннямі біяэтыкі, актуальнасць якіх з часам толькі абвастраецца. Кафедра арганізацыі аховы здароўя Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі на працягу 3-х гадоў актыўна працуе над пытаннямі біяэтыкі. Падрыхтавана некалькі праграм: першая праграма звязана са спецыялістамі, якія працуюць у этычных камітэтах вядучых арганізацый аховы здароўя; другая праграма накіравана на лекараў, якія працуюць у аддзяленнях рэанімацыі, для намеснікаў галоўных урачоў па медыцынскай частцы, якія часцей за ўсё з такімі пытаннямі сустракаюцца; трэцяя праграма, якая звязана з пытаннямі біяэтыкі, прызначаецца для загадчыкаў аддзяленнямі. У кафедры вялікая заяўка на навучанне на гэтых курсах.

У завяршэнне протаіерэй Кірыл Шолкаў анансаваў асвячэнне храма і прыбыццё высокага госця, які прыклаў шмат намаганняў для кананізацыі праведнага Яўгенія Боткіна, — гэта Аляксандр Рыгоравіч Чучалін. Расійскі пульманолаг, акадэмік Расійскай акадэміі навук, акадэмік АМН СССР (1986), яе віцэ-прэзідэнт у 1987-1990 гадах, доктар медыцынскіх навук (1974), прафесар (1975). Дырэктар НДІ пульманалогіі (з 1990), загадчык кафедры ўнутраных хвароб РНДМУ (з 1975), галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя РФ (2005). Ганаровы член Кубінскай і Чэшскай акадэмій навук, Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднага камітэта па біяэтыцы ЮНЕСКА, прэзідэнт Таварыства праваслаўных урачоў Расіі.

Фота: Анжэла Якавенка

Church.by