Епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім узяў удзел у адкрыцці выставы «Класіка беларускага жывапісу» ў Бабруйскім мастацкім музеі

21 мая 2017

top.jpg

У галерэі Бабруйскага мастацкага музея 18 мая адбылося адкрыццё унікальнай экспазіцыі «Класіка беларускага жывапісу», аснову якой склалі творы беларускіх жывапісцаў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Права адкрыць выставу дырэктар музея С. Н. Прывалава падала старшыні Бабруйскага гарвыканкама А. В. Студневу.

Самыя цёплыя пажаданні гасцям і наведвальнікам музея выказаў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім. На адкрыццё прыйшлі намеснік старшыні гарвыканкама А. В. Маркачоў, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама І. А. Роскач, кіраўнік бабруйскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў В. А. Калтыгін.

Загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага музея Кацярына Ізафатава распавяла аб прадстаўленых карцінах. Своеасаблівасць выставы «Класіка беларускага жывапісу» — у творах мастакоў розных пакаленняў, мастацкіх традыцый і стыляў. Тут можна пазнаёміцца з палотнамі выдатных майстроў, прасачыць асаблівасці развіцця айчыннага мастацтва з 19-га па 21-й стагоддзе. Прадстаўлены работы І. Хруцкага, В. Бялыніцкага-Бірулі, С. Жукоўскага, В. Грамыкі, М. Савіцкага, А. Кузняцова, С. Катковай і многіх іншых. Наведвальнікі ўбачаць нацюрморты, пейзажы, партрэты; карціны, якія адлюстроўваюць пасляваенную рэчаіснасць, мірнае жыццё, працу людзей 50-60-х гадоў 20-га стагоддзя і многае іншае.

Выстава будзе доўжыцца па 30 ліпеня, паведамляе bobruisk.ru.

Бабруйская епархія / Church.by