Епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін прыняў удзел у абласным фестывалі «Дажынкі-2017»
10 кастрычніка 20177 кастрычніка 2017 года на цэнтральнай плошчы горада Смалявічы адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017».
У святочных мерапрыемствах у гонар хлебаробаў прынялі ўдзел прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутаты Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі Мінскага аблвыканкама, кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў, дэлегацыі з рэгіёнаў Мінскай вобласці і многія іншыя госці.
Ад імя Беларускай Праваслаўнай Царквы працаўнікоў вёскі павіншаваў са святам ураджаю і благаславіў на працу на славу Божую і на карысць людзей епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. Уладыка пажадаў, каб Найсвяцейшая Багародзіца засцерагала хлебаробаў і спрыяла іх высакароднай працы.
На свяце архіпастыра суправаджалі: сакратар Барысаўскай епархіі протаіерэй Андрэй Капульцэвіч; благачынны Смалявіцкай акругі, настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Азярыцкая Слабада іерэй Іаан Ясюкевіч; настаяцель прыхода храма Мінскай іконы Божай Маці горада Смалявічы іерэй Нікадзім Пашко.
Падзяку ад Кіраўніка дзяржавы перадаў хлебаробам Міншчыны намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Генадзевіч Снапкоў. Прысутных павіншаваў намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Уладзіміравіч Гаркун, уручыўшы працаўнікам ганаровыя граматы Міністэрства.
Адбыўся святочны канцэрт з удзелам аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Мінскай вобласці і прафесійных выканаўцаў, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. З сольнай праграмай выступіў Дзмітрый Калдун. Завяршыўся фестываль святочным феерверкам.