Епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый узяў удзел у цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікаў XI-га адкрытага конкурсу дзіцячага малюнка «Сустракаем Вялікдзень»
25 красавіка 202122 красавіка 2021 года ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адбылася цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў XI-га адкрытага конкурсу дзіцячага малюнка «Сустракаем Вялікдзень», у якім прынялі ўдзел 210 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. Удзел у конкурсе прынялі дзеці і з іншых рэгіёнаў Гродзенскай вобласці.
Журы, у склад якога ўвайшлі святары, выкладчыкі мастацкай школы і іканапісцы, вызначыла 30 прызавых месцаў, а 9 удзельнікаў былі адзначаны падзякамі.
Цырымонія ўзнагароджання пачалася з выступлення дырэктара дзіцячай мастацкай школы Валянціны Грышкевіч, затым са словам прывітання да ўдзельнікаў конкурсу звярнуўся Яго Праасвяшчэнства епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Уладыка падзякаваў рабятам за іх творчы падыход і цікавасць да конкурсу, а таксама павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым святам Светлага Хрыстовага Уваскрасення. Затым пераможцам былі ўручаны дыпломы і каштоўныя падарункі.
Гран-пры конкурсу заваявала Маргарыта Барысевіч, навучэнка дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячая школа мастацтваў горада Гродна».
Конкурс дзіцячага малюнка «Сустракаем Вялікдзень» праходзіць у Лідзе з 2010-га года. Яго ўдзельнікамі становяцца юныя мастакі, якія займаюцца выяўленчым мастацтвам у агульнаадукацыйных і мастацкіх школах, студыях, дашкольных і іншых дзіцячых установах, а таксама ў нядзельных школах пры храмах Лідскай епархіі. Удзельнікам конкурсу прапануюцца наступныя тэмы: «Любімы храм», «Прыгажосць Божага свету», «Вялікдзень» і «Жыццё з Богам».