Епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый узяў удзел у канферэнцыі «Праваслаўная традыцыя і культурная спадчына Грэцыі»
31 кастрычніка 2017У жаночым манастыры ў гонар святога Іаана Хрысціцеля ў Акрытахорыі (Грэцыя) 21-22 кастрычніка 2017 года прайшла канферэнцыя «Праваслаўная традыцыя і культурная спадчына Грэцыі».
Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і па запрашэнню архімандрыта Аляксія (Мандзірыса), ігумена манастыра Ксенафонт на Святой Гары Афон, удзел у форуме прыняў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, старшыня Сінадальнага аддзела па справах манастыроў і манаству Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У канферэнцыі прынялі ўдзел архіпастыры, ігумены, ігуменні, манаскія асобы, выкладчыкі багаслоўскіх факультэтаў і міране. Сустрэча была прымеркавана да 50-годдзя свяшчэнніцкай хіратоніі архімандрыта Аляксія (Мандзірыса).
На форуме прагучалі даклады: «Традыцыя візантыйскага мастацтва і яе ўплыў на фарміраванне культурнай спадчыны Грэцыі», «Праваслаўная традыцыя і сучасная культура», «Ікона і тайна: вытокі культурнай самабытнасці Грэцыі», «Святы пераемнік і яго справы як фактары пераўтварэння духоўнай і культурнай спадчыны», «Праваслаўная агіяграфія — выражэнне нацыянальнай ідэнтычнасці».
22 кастрычніка ў галоўным манастырскім храме жаночага манастыра святога Іаана Хрысціцеля адбылася архіерэйская святочная Бажэственная літургія, у служэнні якой прыняў удзел епіскап Парфірый.
23-26 кастрычніка ўладыка Парфірый наведаў святыя месцы і славутасці Грэцыі: жаночы манастыр Святой Тройцы на востраве Эгіна, у якім знаходзяцца мошчы святога Нектарыя Эгінскага, горад Карынф, дзе прапаведаваў святы апостал Павел, гарады Афіны і Фесалонікі, ісіхастырый святога Грыгорыя Паламы ў Куфаліі.