Епіскап Полацкі Ігнацій: Нам трэба жыць, як Гасподзь запаведваў у Святым Евангеллі
28 верасня 201926 верасня ў Полацкім епархіяльным упраўленні адбылася першая прэс-канферэнцыя епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація.
Размаўляючы з журналістамі на тэму ўцаркаўлення моладзі, уладыка падкрэсліў, што маладым людзям трэба асабістым прыкладам паказваць, што храм — гэта не месца смутку, а месца духоўных зносін і заспакаення.
— І калі малады чалавек з юнага ўзросту навучыцца сачыць за сваім сумленнем і духоўным станам, то і ў жыцці яму будзе лягчэй пераносіць нягоды і праблемы, — сказаў архіпастыр.
На пытанне аб тым, як прыйсці ў храм людзям, пакаленне якіх выхоўвалася ў часы бязбожнасці, епіскап Ігнацій адказаў:
— Калі чалавек адмаўляецца хадзіць у храм, значыць, ён не хоча выказваць свой унутраны стан вонкі... Гасподзь сказаў: «Прасíце, і дадзена будзе вам» (Мф. 7: 7). Дарогу да храма трэба знайсці праз добры прыклад.
Шмат пытанняў было зададзена пра дзяцей: як распавесці дзіцяці пра веру і хто гэта павінен рабіць; як прывесці дзіця ў царкву; з якога ўзросту бацькі павінны прыводзіць дзяцей у храм і якія навучальныя праграмы выдадзены для нядзельных школ.
Архіерэй адзначыў, што для кожнага дзіцяці важная абстаноўка, у якой ён выхоўваецца, і дадаў, што калі няма ў чалавеку матывацыі да станоўчых маральных каштоўнасцяў, то ён ніколі не будзе здзяйсняць дабро. А самая моцная матывацыя — гэта рэлігійнасць.
Далей Яго Праасвяшчэнства падкрэсліў:
— У храм бацькі павінны прыводзіць дзяцей з маленства ... Гасподзь сказаў: «Пусцíце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае» (Мф. 19:14). Калі дзецьмі напоўняцца храмы і нядзельныя школы, тады мы адчуем адраджэнне ўсёй епархіі.
Журналісты задавалі пытанні аб планах дзейнасці епархіі, пра будуемы Духоўна-асветніцкі цэнтр у горадзе Наваполацку, пра ўражанні ад першай Бажэственнай літургіі, якую епіскап Полацкі і Глыбоцкі ўзначаліў у кафедральным саборы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы горада Глыбокае, аб тым, як уладыка Ігнацій стаў святаром і аб практычных парадах для хрысціяніна. Адно з апошніх пытанняў гучала так: як дасягнуць поспеху, быць шчаслівым, і каму ўсміхаецца ўдача?
Уладыка Ігнацій тут жа адказаў, што яму ўсміхнуўся поспех, паколькі Божым Промыслам ён трапіў на самую старажытную кафедру Беларусі. Архіерэй працягнуў:
— А самая вялікая ўдача для хрысціяніна — калі мы патрапім у Царства Нябеснае. Усё наша жыццё — гэта падрыхтоўка да пераходу ў вечнасць. Але для гэтага нам трэба жыць, як Гасподзь запаведваў у Святым Евангеллі, і быць прыкладам для навакольных.
У завяршэнне уладыка падкрэсліў:
— Наша задача — утрымаць моладзь, распаўсюджваць вучэнне Царквы сярод людзей. І ў гэтым вашая праца вельмі важная. Тое, што вы несяце Слова Божае і слова дабрыні людзям, гэта з'яўляецца прагрэсам дабра. Жадаю вам дапамогі Божай і міласці Божай. Я заўсёды адкрыты і гатовы да супрацоўніцтва з вамі.
У памяць аб сустрэчы епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій паднёс усім удзельнікам падарункі.