Епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній павіншаваў са святам Пасхі Хрыстовай адзінокіх людзей і дзяцей з інваліднасцю

17 красавіка 2017

top.jpg

16 красавіка 2017 года епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній павіншаваў са святам Пасхі Хрыстовай пацыентаў аддзялення сястрынскага догляду бальніцы гарадскога пасёлка Гарадзея Нясвіжскага раёна і выхаванцаў Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната.

Архіпастыра суправаджаў сакратар Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Мікалай Лабынька. У дабрачынным мерапрыемстве прынялі ўдзел святары Нясвіжскага благачыння: настаяцель прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў гарадскім пасёлку Гарадзея протаіерэй Аляксандр Цяляк, настаяцель прыхода храма Уздзвіжання Святога Крыжа ў вёсцы Вялікая Лысіца іерэй Аляксандр Мельнікаў і настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Вялікая Ліпа іерэй Аляксандр Кавальскі.

Старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Іван Іванавіч Крупко, намеснік старшыні выканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Аляксандр Іванавіч Майсеня і галоўны ўрач Гарадзейскай бальніцы Галіна Уладзіміраўна Весялуха пазнаёмілі епіскапа Антонія з распарадкам працы медыцынскай ўстановы.

Уладыка Антоній павіншаваў пацыентаў бальніцы са Светлым Уваскрэсеннем Хрыстовым. Кіраўнік раённай улады Іван Крупко падзякаваў персаналу бальніцы за клапатлівае і міласэрнае стаўленне да людзей. Ад Слуцка-Салігорскай епархіі і Нясвіжскага райвыканкама усім, хто знаходзіўся ў аддзяленні сястрынскага догляду былі ўручаны падарункі.

Наступным пунктам візіту правячага архіерэя стала Гарадзейская дапаможная школа-інтэрнат, дзе жывуць і навучаюцца дзеці з інваліднасцю, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў.

Дэлегацыю Слуцка-Салігорскай епархіі сустрэла дырэктар школы Алена Анатольеўна Бялькевіч. Для Праасвяшчэннага ўладыкі і святароў была праведзена экскурсія па кабінетах і майстэрнях установы.

Затым у актавай зале адбыўся святочны канцэрт, падрыхтаваны педагогамі і выхаванцамі нядзельных школ прыходаў храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарадскога пасёлка Гарадзея і храма Уздзвіжання Святога Крыжа вёскі Вялікая Лысіца. З вакальнымі нумарамі выступілі Ганна і Яна Віхор, Дар'я і Паліна Піваварскія, Мацвей, Анастасія і Усціння Мельнікавы, Сафія Мацэвіла. Быў паказаны спектакль — павучальная казка-прытча «Гусі-лебедзі». У завяршэнне дзеці хорам выканалі песню аб Святым Вялікадні.

Епіскап Антоні цёпла падзякаваў рабятам за натхнёнае выступленне.

Са словамі віншавання да ўсіх прысутных дзяцей звярнуўся і намеснік старшыні выканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Аляксандр Майсеня, які з 1993 па 2005 гады з'яўляўся дырэктарам Гарадзейскай школы-інтэрната.

У завяршэнне святочнай сустрэчы ўсім навучэнцам школы-інтэрната былі ўручаны камплекты падарункаў, сабраныя падчас акцыі «Велікодны падарунак» і «Велікодны кошык», якія арганізавалі адпаведна брацтва ў гонар праведнай княгіні Сафіі Слуцкай (Слуцк) і брацтва ў гонар дабраверных князя Пятра і княгіні Фяўронні Мурамскіх (Салігорск).

Слуцкая епархія / Church.by