Епіскап Веніямін: У смутны час узмоцнім малітву [ВІДЭА]
30 жніўня 2020Да працягу і ўзмацнення малітвы за Айчыну заклікаў вернікаў, якія сабраліся ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска, епіскап Веніямін, абраны мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.
Увечары 30 жніўня ўладыка Веніямін узначаліў у саборы малебен з акафістам Успенню Прасвятой Багародзіцы і малітвай за беларускі народ. Архіпастыру саслужылі клірыкі сабора і Мінскай епархіі. Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.
У пропаведзі епіскап Веніямін падкрэсліў, што царкоўная малітва можа падацца чымсьці нязначным сучаснаму няверуючаму чалавеку, але на самой справе яна вельмі дзейсная.
— Малітва — гэта самая цяжкая праца, але і самая выніковая, — перакананы ўладыка.
Патрыяршы Экзарх заклікаў дзяцей Праваслаўнай Царквы шукаць перш за ўсё духоўныя карані трывожных і хвалюючых падзей, якія адбываюцца ў нашым грамадстве.
— Што будзе далей? Далей будзе тое, што дасць Бог па нашай малітве, — сказаў архіпастыр.
Са слоў уладыкі, цяпер за Беларусь моляцца праваслаўныя хрысціяне і ў найбліжэйшых краінах, і на Святой Гары Афон, і ў іншых мясцовасцях Грэцыі, і ў ЗША. Тым больш варта ўсім нам згуртавацца ў малітоўным стаянні перад Богам, каб «дапамагчы нашай Айчыне».
— І будзе водгук з Неба! Прасвятая Багародзіца, дапамагай нам! — завяршыў епіскап Веніямін.
Слова епіскапа Веніяміна цалкам — у нашым відэа.