Епіскап Веніямін узначаліў прастольную ўрачыстасць Успенскага храма аграгарадка Косіна
28 жніўня 202028 жніўня 2020 года, у дзень свята Успення Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, епіскап Веніямін, абраны мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, здзейсніў Бажэственную літургію ў Успенскім храме аграгарадка Косіна Лагойскага раёна.
Праасвяшчэнаму ўладыку саслужылі: благачынны I Лагойскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Зімніцкі, настаяцель храма ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Косіна іерэй Уладзімір Несцяровіч.
Дыяканскі чын здзейсніў клірык кафедральнага сабора Уваскрасення Хрыстовага горада Барысава дыякан Віктар Бардзіян.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор пад кіраўніцтвам рэгента Таццяны Бандарэнка.
На богаслужэнні прысутнічалі старшыня Лагойскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Георгіевіч Ласевіч і іншыя прадстаўнікі выканаўчай улады.
Пасля патроенай екценні архіпастыр узнёс малітву «За Беларускі народ».
Па заканчэнні богаслужэння адбыўся хрэсны ход, пасля чаго ўладыка Экзарх звярнуўся да багамольцаў са словам павучання.
Епіскап Веніямін заклікаў, пазіраючы на абраз Божай Маці, напаўняцца лагоднасцю, змірэннем і гарачай любоўю да Госпада. У сувязі з няпростай сітуацыяй у краіне Патрыяршы Экзарх заклікаў глядзець на падзеі, якія адбываюцца, кіруючыся духоўным светапоглядам: «у адваротным выпадку дух злосці авалодвае намі, і мы губляем мір і спакой. Парушэнне міру і згоды ў нашай Айчыне адбываецца, перш за ўсё, на нябачным, духоўным узроўні. Малітва дапамагае здабыць раўнавагу і па-іншаму глядзець на тое, што адбываецца». У завяршэнне слова ўладыка заклікаў старанна маліцца і пасціцца ў бліжэйшыя дні, каб на нашу зямлю вярнуліся мір і Божае благаславенне.
Далей было здзейснена слаўленне свята Успення Прасвятой Багародзіцы.
У завяршэнне ўладыка павіншаваў прысутных з прастольным святам, прычаснікаў — з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.