Гамяльчане сустрэлі асабліва шануемую ікону Божай Маці «Югская»
09 жніўня 20217 жніўня 2021 года ў храме велікамучаніка Георгія ў горадзе Гомелі пры шматлікім зборы вернікаў адбылася сустрэча асабліва шануемай іконы Божай Маці, іменаванай «Югская». Сустрэчу ўзначаліў Праасвяшчэнны Амвросій, епіскап Светлагорскі, вікарый Гомельскай епархіі.
Па благаславенню архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана цудатворны абраз, пачынаючы з 2019 года, штогод дастаўляюць для пакланення вернікаў у Гомельскі храм з прыхода храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў аграгарадку Холмеч Рэчыцкага раёна. У Гомелі абраз знаходзіцца з першай суботы пасля святкавання памяці прарока Іліі (адзначаецца 2 жніўня) да апошняй нядзелі кастрычніка. Сёлета святыня будзе знаходзіцца ў храме велікамучаніка Георгія Перамаганосца горада Гомеля да 31 кастрычніка. Кожную нядзелю падчас вячэрняга набажэнства будзе здзяйсняцца чытанне Акафіста Божай Маці «Югская».
* * *
Цудатворны абраз Божай Маці, іменаваны «Югскі», з'явіўся ў пачатку ХVII стагоддзя старцу, схіманаху Пскова-Пячэрскага манастыра прападобнаму Дарафею. Багародзіца загадала схіманаху ўзяць яе абраз у паказаным Ёю месцы, аднесці абраз у межы Яраслаўскай епархіі і там заснаваць абіцель. Ігумену манастыра, які не згаджаўся адпусціць яўлены абраз Божай Маці, Яна з'явілася ў сне і загадала выканаць яе волю і адпусціць старца Дарафея з Яе іконай. Старац Дарафей, набліжаючыся да ўказанага яму ў сне месца, спыніўся адпачыць, а святы абраз паставіў на дрэве. Калі ён хацеў працягваць шлях, то ніякімі сіламі не змог зняць з дрэва абраз Маці Божай. Старац Дарафей зразумеў, што Царыца Нябесная ў гэтым месцы хоча застацца. Тады ён пабудаваў невялікую хаціну і сам застаўся жыць ля гэтай святыні. Вестка аб прыходзе старца стала хутка распаўсюджвацца па навакольных вёсках. Да яго сталі сцякацца багамольцы для пакланення святой іконе, ад якой сталі здзяйсняцца ацаленні. Дбаннем мясцовых жыхароў былі сабраны сродкі і пакладзены пачатак пабудовы новага манастыра.
Прападобны Дарафей памёр у 1622 годзе. Аб цудах, якія здзяйсняліся ад іконы, духавенства паведаміла Патрыярху Філарэту. У адказ было атрымана благаславенне на заснаванне на рацэ Юг манастыра з царквой у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Абіцель стала называцца Югскай. У 1654 годзе заступніцтвам Маці Божай у тых месцах спынілася маравая пошасць. Праз дзесяцігоддзі мор разбушаваўся ў ваколіцах Рыбнай Слабады, яго таксама ўдалося спыніць пасля дастаўлення ў гэтыя месцы іконы.
Абраз Прачыстай Дзевы «Югскі» напісаны ў стылі Адзігітрыі. Боганемаўля спачывае на левай руцэ Багародзіцы, яго правая рука складзеная для благаславення, а ў левай намаляваны скрутак. Вернікі адзначаюць, што ад абраза і ў цяперашні час адбываюцца цудоўныя ацаленні.
Гісторыя з'яўлення іконы на гомельскай зямлі застаецца загадкай. Вядома, што спіс яе памерам 92 на 112 см у прыход у Рэчыцкім раёне перадалі мясцовыя жыхары.