Труна з целам мітрапаліта Філарэта дастаўлена ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне
13 студзеня 2021Сёння, 13 студзеня, у 13:50 труна з целам памерлага днямі Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), паводле завяшчання памерлага, дастаўлена ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне, дзе яго сустрэў Праасвяшчэнны епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Адразу ж у фае была здзейснена памінальная ліція, за якой маліліся супрацоўнікі сінадальных структур Беларускай Праваслаўнай Царквы і Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, клірыкі мінскіх храмаў, настаяцельніца Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ігумення Еўдакія з сёстрамі. Затым з пашанай, усталяванай дзяржаўным пратаколам для памерлага Героя Беларусі, труна была ўнесена ў дамавы храм у імя Усіх Беларускіх святых і адкрыта для развітання членам Сінода і супрацоўнікам Экзархіі. Памінальную ліцію адслужыў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Да 16:00 труна з целам спачылага будзе дастаўлена ў Свята-Духаў кафедральны сабор горада Мінска.