Гродзенскай школе № 38 прысвоена імя свяціцеля Кірыла Тураўскага
22 лістапада 202222 лістапада архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній наведаў ДУА «Сярэдняя школа № 38 горада Гродна», дзе прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі прысваення школе імя свяціцеля Кірыла Тураўскага і адкрыцці на базе школы рэсурснага цэнтра Кастрычніцкага раёна горада Гродна па духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў «Духоўнасці жывая нітка».
Правячы архіерэй Гродзенскай епархіі падаў благаславенне адкрытаму рэсурснаму цэнтру і перадаў дырэктару школы факсімільнае выданне Тураўскага Евангелля — помніка старажытнарускай кірылічнай пісьменнасці XI стагоддзя.
Архіпастыра суправаджалі: настаяцель прыхода храма Сабора ўсіх Беларускіх святых горада Гродна протаіерэй Анатоль Ненартовіч, адказны за супрацоўніцтва з сярэдняй школай № 38 горада Гродна; кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі іерэй Ігар Данільчык; намеснік кіраўніка епархіяльнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Рада Мікалаеўна Спота.
На цырымоніі прысутнічалі прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага іерэй Віктар Кулага і кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Тураўскай епархіі ігумен Аўксенцій (Абражэй).
У мерапрыемстве таксама прымалі ўдзел: кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алег Генадзьевіч Бялінскі; першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Галіна Уладзіміраўна Курганская; начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Антонавіч Сяманчык; начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алена Вацлаваўна Адамовіч; дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 38 горада Гродна» Сяргей Мікалаевіч Кісялёў; педагогі і навучэнцы школы.
Імя свяціцеля Кірыла Тураўскага было прысвоена 38-й школе на падставе рашэння Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 21 лістапада 2022 года. Выбар імя школы абумоўлены профілем установы адукацыі і з'яўляецца вынікам шматгадовага супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сферы духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа.
У школе паспяхова арганізавана работа музея «Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям'і», створанага ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Цэнтральнае месца ў дзейнасці музея адведзена зале «Свяціцелі зямлі Беларускай», экспазіцыя якога адлюстроўвае гісторыю ўзнікнення і развіцця хрысціянства на Беларускіх землях, жыццяпіс першых беларускіх святых і асветнікаў. Штогод музей наведвае больш за 7000 навучэнцаў розных устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ганаровае права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку і адкрыць раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральнаму выхаванню было прадастаўлена архіепіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму Антонію, кіраўніку адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Гродна Алегу Бялінскаму і дырэктару сярэдняй школы № 38 імя Кірыла Тураўскага горада Гродна Сяргею Кісялёву.
У рэсурсным цэнтры навучэнцамі школы гасцям быў прадстаўлены праект «Страчаныя храмы Гродна», выкананы ў гонар 1030-годдзя Праваслаўя на Беларускіх землях: з канструктара LEGO школьнікамі былі зроблены мадэлі храмаў, якія ў розныя часы існавалі ў горадзе над Нёманам — Сафійскага кафедральнага сабора, Барысаглебскага мужчынскага манастыра і царквы ў гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.
Сваімі ўражаннямі ад прадстаўленага вопыту работы школы ў сферы духоўна-маральнага выхавання падзяліліся ігумен Аўксенцій (Абражэй) і іерэй Віктар Кулага. Госці адзначылі высокі ўзровень супрацоўніцтва сістэмы адукацыі Кастрычніцкага раёна горада Гродна і сярэдняй школы № 38 імя свяціцеля Кірыла Тураўскага з Гродзенскай епархіяй, а таксама прапанавалі ўстанове адукацыі шэраг сумесных праектаў у сферы духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа. У дар рэсурснаму цэнтру айцец Аўксенцій паднёс Юравіцкую ікону Божай Маці — святыню Тураўскай епархіі, у склад якой у XII стагоддзі ўваходзілі і тэрыторыі Прынёмання.