Іаана-Кармянская абіцель рыхтуецца да юбілею
07 жніўня 20208 жніўня Іаана-Кармянскі жаночы манастыр Гомельскай епархіі адзначыць 20-годдзе з дня свайго заснавання. Вядома, камусьці можа здацца, што гэты ўзрост не такі вялікі, але варта адзначыць, што галоўнаму храму на тэрыторыі манастыра больш 100 гадоў — ён быў асвячаны ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы 26 верасня 1907 года епіскапам Мітрафанам (Краснапольскім), які потым зазнаў мучаніцкі скон і быў праслаўлены ў ліку святых.
У манастыры ўзведзены жылы корпус на 15 чалавек, на першым паверсе якога ўладкавана дамавая Стрэчанская царква. Сярод святынь дамавога храма — шануемы абраз Божай Маці «Уладзімірскі».
Таксама ў абіцелі знаходзяцца мошчы святога праведнага Іаана Кармянскага, якія былі знойдзены ў 1991 годзе настаяцелем Пакроўскага храма іераманахам Сцяфанам (Нешчарэтам; цяпер архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі). З усіх куткоў краіны, а таксама з далёкага і блізкага замежжа едуць людзі дакрануцца да мошчаў Іаана Кармянскага і атрымаць суцяшэнне.
Ад старадаўняга храма да манастыра — адраджаецца гэтае святое месца. Кожны год жыцця абіцелі паказвае, як паступова, крок за крокам змяняецца манастыр, пашыраецца, добраўпарадкоўваецца, ўпрыгожваецца. І прыемна, што знаходзяцца многія людзі, якія жадаюць дапамагчы гэтаму адраджэнню.