З Брэста ў Полацк пройдзе Усебеларускі хрэсны ход
31 ліпеня 2019Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 2 жніўня пачнецца Усебеларускі хрэсны ход, прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 180-годдзя Полацкага сабора, які ўз'яднаў беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой.
З Брэста, пасля богаслужэння ў Свята-Афанасьеўскім манастыры, хрэснаходцы накіруюцца ў Пружаны. Да 10 жніўня плануецца пешшу дайсці да Успенскага Жыровіцкага манастыра. Значнымі пунктамі маршруту будуць Карэлічы і Заслаўе. У пачатку верасня вернікі накіруюцца праз Докшыцы і Ушачы да Полацка. Ужо 6 верасня паломнікі наведаюць Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Агульная працягласць шляху прыкладна 620 кіламетраў, якія хрэснаходцы пройдуць пешшу, спыняючыся на адпачынак і начлег у бліжэйшых пасёлках і вёсках па шляху, удзельнічаючы ў малебнах і набажэнствах.
Першы Усебеларускі хрэсны ход быў арганізаваны ў 2011 годзе і доўжыўся амаль тры месяцы. У працэсе шэсця (1380 км) на розных адрэзках састаў удзельнікаў мяняўся ад 10 да 200 чалавек, а чатыры хрэснаходцы прайшлі ўвесь шлях без перапынку. Арганізатары хрэснага ходу спадзяюцца, што ён стане штогадовым.