Выдадзены «Дыярыуш» прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага ў перакладзе на сучасную беларускую мову
15 мая 2018У выдавецтве Петра-Паўлаўскага сабора г. Мінска тэкст «Дыярыуша» Афанасія Брэсцкага адаптаваны на сучасную беларускую мову і ўпершыню выдадзены асобнай кніжкай. У выданні змешчаны таксама «Аповесць пра пакуты і смерць айца Афанасія Філіповіча», «Надгробак а. Афанасію Філіповічу», а таксама складзены прападобным кант «Даруй покой Церкве» на мове арыгінала.
Ушаноўваючы памяць святых, мы стараемся ўявіць іх жыццёвы шлях, вытокі духоўнага подзвігу, зафіксаваныя галоўным чынам у жыційнай літаратуры, расповедах сучаснікаў. І вельмі рэдка можна даведацца пра падзвіжнікаў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу, абароне Праваслаўя, праз іх асабістыя ўспаміны. Такая ўнікальная магчымасць у нас маецца дзякуючы прападобнамучаніку Афанасію, ігумену Брэсцкаму, жыццё якога трагічна закончылася 370 гадоў таму.
Будучы манахам у неспрыяльны для Праваслаўя час, калі пашыралася унія, Афанасій Філіповіч намагаўся ўратаваць веру праваслаўную на беларускіх землях. Ён быў вымушаны асабіста звяртацца як да царкоўных, так і палітычных эліт свайго часу, у тым ліку маскоўскага цара і польскага караля. Апісанне сваіх падарожжаў, развагі пра лёс Царквы — усё гэта знайшло адлюстраванне ў «Дыярыушы» — успамінах, напісаных святым на старабеларускай мове XVII стагоддзя, цяжка зразумелай нашаму сучасніку. Асобныя фрагменты «Дыярыуша» змяшчаліся ў хрэстаматыях і анталогіях па гісторыі беларускай літаратуры, але былі маладаступныя для шырокай грамадскасці і вернікаў.