Клірыкі Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска ўзнеслі малітвы аб забітых нацыстамі жыхарах вёскі Дальва
19 чэрвеня 201717 чэрвеня 2017 года клірыкі Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска протаіерэй Уладзімір Увараў і протадыякан Віталь Дубяга па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, правялі памінальнае набажэнства па нявінна забітым нацысцкімі карнікамі мірным жыхарам вёскі Дальва Лагойскага раёна Мінскай вобласці.
У гэтым годзе споўнілася 73 гады з дня трагедыі ў Дальве. 19 чэрвеня 1944 года, за некалькі дзён да вызвалення Беларусі, нямецкія акупанты спалілі 44 жыхара вёскі (29 дзяцей, 13 жанчын і 2 мужчыны). Старэйшаму з пакараных, Купрыяну Гірыловічу, было 80 гадоў. Самаму малодшаму — Косці Кухарэнку — каля двух. Цудам выжыў 13-гадовы Коля Гірыловіч, які, стаўшы дарослым, арганізаваў будаўніцтва мемарыяльнага комплексу. Комплекс быў адкрыты 15 ліпеня 1973 года. Па просьбе Мікалая Гірыловіча, а затым яго сваякоў клірыкі Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора здзяйсняюць з 1995 года штогадовае малітоўнае памінанне на месцы гібелі пакутнікаў — жыхароў Дальвы.
Апавяданне сведкі ваеннага злачынства: «З боку вёскі Жардзяжжа пачуўся гул. З лесу выехалі крытыя грузавікі. Яны спыніліся на ўскраіне Дальвы. З машын пачалі саскокваць салдаты з аўтаматамі наперавес. Шчыльным кольцам яны акружылі вёску. Усіх жыхароў зганялі на ўскраіну да дома Васіля Кухаронка. Да свядомасці жанчын і дзяцей не даходзіла, што адбываецца. Дзеткі, якіх толькі што паднялі з ложкаў, плакалі. Карнікі, падганяючы ўсіх крыкамі і прыкладамі, пачалі заганяць людзей у хату. Дзверы замкнулі. Кінулі гранату ў дом. Успыхнула, загуло полымя...
Гнуліся дзверы пад напорам людскім, але яны не паддаваліся... Я не ведаю як, але маёй маці з малодшым братам Валодзем удалося вырвацца з агню. Аўтаматная чарга карнікаў забіла іх тут жа, недалёка ад палаючага дома. Некаторыя хлопчыкі спрабавалі выбрацца праз дах, але фашысты стралялі па іх з аўтаматаў, і дзеці падалі ў полымя.
Расправіўшыся з мірнымі жыхарамі, каты падпалілі вёску з двух бакоў».
Падчас нямецкай акупацыі (1941-1944) у Беларусі ў ходзе карных аперацый было знішчана звыш 5295 населеных пунктаў разам з усім насельніцтвам ці яго часткай. Вынікам палітыкі генацыду і «выпаленай зямлі» ў Беларусі сталі 2 230 000 чалавек, знішчаных за тры гады акупацыі.