Камісія па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы правяла навуковую канферэнцыю
12 студзеня 201812 студзеня 2018 года ў Мінскай духоўнай акадэміі прайшла работа навуковай канферэнцыі «Святыя Белай Русі: актуальныя пытанні шанавання і праслаўлення», арганізаванай Камісіяй па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Адкрыў работу канферэнцыі старшыня Камісіі архімандрыт Амвросій (Шаўцоў), які ў сваім прывітальным слове акрэсліў асноўныя задачы форуму і пажадаў яго ўдзельнікам паспяховай працы.
Затым намеснік старшыні Камісіі, прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт Аляксандр Слесараў правёў прэзентацыю новага нумара альманаха «Працы Камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы». Чарговы нумар «Прац» выйшаў у канцы снежня 2017 года ў выдавецтве Мінскай духоўнай акадэміі і ўключае ў сябе дзесяць навуковых артыкулаў і публікацый, падрыхтаваных членамі Камісіі і іншымі даследчыкамі. Галоўны рэдактар альманаха — архімандрыт Амвросій (Шаўцоў), адказны рэдактар — Аляксандр Слесараў.
Першы даклад на канферэнцыі прадставіў клірык Гомельскай епархіі протаіерэй Аляксандр Лапушанскі, кандыдат багаслоўя. Выступленне было прысвечана тэме: «Святыя Беларускай Праваслаўнай Царквы».
Дацэнт Мінскай духоўнай семінарыі, клірык Магілёўскай епархіі дацэнт протаіерэй Георгій Сокалаў, кандыдат багаслоўя, выступіў з дакладам на тэму: «Гісторыя шанавання свяціцеля Магілёўскага Георгія (Каніскага)».
Загадчык кафедры царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэй Генадзь Логін, кандыдат багаслоўя, прадставіў даклад на тэму: «Навагрудская галгофа».
Прадстаўнік Брацтва ў гонар святых Віленскіх мучанікаў (Мінск) Канстанцін Антановіч паведаміў аб вопыце праслаўлення подзвігаў новамучанікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Прадстаўнік паломніцкай службы Лізавецінскага манастыра Мінска Таццяна Хамянкова выступіла з дакладам «Вопыт шанавання новамучанікаў Мінскай епархіі».
Завяршылася канферэнцыя падвядзеннем вынікаў і агульным фота.
У гэты ж дзень у Мінскай духоўнай акадэміі прайшло чарговае пасяджэнне Камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы.