Канферэнцыя ў гарнізонным саборы Брэсцкай крэпасці сабрала навукоўцаў з Беларусі, Польшчы і Расіі
19 лістапада 2018У рамках юбілейных урачыстасцяў у гонар 370-годдзя пакутніцкага скону прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага, 15 лістапада ў гарнізонным саборы свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Брэсцкай крэпасці адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Праваслаўе ў духоўным жыцці Беларусі».
Праблематыка навуковых дакладаў форуму вызначалася гісторыяй і метадалогіяй барацьбы праваслаўнай іерархіі і манаства з уніяй у XVI — XX стагоддзях, а таксама ацэнкай і аналізам асабістага ўкладу ў захаванне чысціні і традыцыі Праваслаўя на беларускіх землях прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага, і мітрапаліта Віленскага і Літоўскага Іосіфа (Сямашки), 220-годдзе з дня нараджэння і 150-годдзе блажэннага скону якога святкуецца ў бягучым годзе.
У склад Прэзідыума канферэнцыі ўвайшлі: архиепискап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан; Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч, кандыдат багаслоўя, дацэнт, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў ДУА «БрДУ імя А. С. Пушкіна горада Брэста»; Ірына Пятроўна Захарэвіч, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.
Перад пачаткам мерапрыемства з канцэртам духоўных і патрыятычных спеваў выступіў хор духавенства Брэсцкай епархіі пад кіраўніцтвам клірыка храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў горадзе Брэсце протаіерэя Валерыя Грыцука.
Затым рушыла прывітальнае слова архіпастыра. Уладыка Іаан звярнуў увагу на актуальнасць падобнага роду мерапрыемстваў і неабходнасць іх правядзення ў асяроддзі моладзі.
Ірына Захарэвіч зачытала прывітальны адрас кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама, пажадаўшы поспехаў і творчага натхнення ўсім удзельнікам канферэнцыі.
У ліку слухачоў былі прадстаўнікі духавенства Брэсцкай епархіі, бібліятэкары і студэнты ВНУ горада Брэста, а таксама члены епархіяльных моладзевых брацтваў і рухаў.
У ходзе працы секцый форуму былі прадстаўлены наступныя даклады:
- Іераманах Рафаіл (Івачкін), кандыдат гістарычных навук, кандыдат багаслоўя, прарэктар па навуковай рабоце Смаленскай духоўнай семінарыі (Смаленская мітраполія): Унія ў Смаленскай епархіі 1611-1654 гг.;
- Вабішчэвіч Аляксандр Мікалаевіч, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў ДУА «БрДУ імя А. С. Пушкіна горада Брэста»: Вывучэнне дзейнасці Праваслаўнай Царквы ў сучаснай беларускай гістарычнай навуцы (на прыкладзе дысертацыйных даследаванняў);
- Міхаіл Носка, протаіерэй, настаяцель храма святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Пружаны, кандыдат багаслоўя: Мітрапаліт Іосіф (Сямашка): жыццё і праца;
- Свірыд Аляксандр Мікалаевіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў БрДУ: Спробы рэанімавання уніі ў перыяд II Рэчы Паспалітай;
- Алена (Дзмітрук), паслушніца жаночага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы на Шпітальным востраве Брэсцкай крэпасці: Вобраз Афанасія Брэсцкага (Філіповіча) праз прызму гістарыяграфіі;
- Міхальчук Віталь, магістр, дактарант, выкладчык Універсітэта Варшаўскага (Інстытут філасофіі): Прападобнамучанік Афанасій (Філіповіч) — дэканструкцыя вобраза. Праблемы ідэалагічных гістарыяграфій у дачыненні да феномену праваслаўнай духоўнасці XVII стагоддзя;
- Мікульскі Юрый Мікалаевіч, магістр гістарычных навук, выкладчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі: Праваслаўныя храмы горада Брэста ў XV-XVI стст. і іх лёс пасля заключэння уніі.
Напрыканцы архіепіскап Іаан падзякаваў усім дакладчыкам за высокі інтэлектуальны ўзровень дакладаў і цікавую падачу, выказаўшы надзею на працяг традыцыі правядзення штогадовых канферэнцый у рамках супрацоўніцтва Царквы і ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь і краін блізкага замежжа.