Копія Жыровіцкай іконы Божай Маці прынесена ў Гомель
17 мая 2018Унікальная святыня Беларускай зямлі, копія цудатворнай іконы Божай Маці «Жыровіцкая», з 18 красавіка па 3 верасня 2018 года здзяйсняе хрэсны ход па ўсіх епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы. У Гомельскую епархію абраз быў прынесены 15 мая.
Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан сустрэў шануемую святыню на саборнай плошчы Гомеля. Удзел у сустрэчы святыні прыняў сабор духавенства Гомельскай епархіі і сёстры Свята-Ціхвінскага жаночага манастыра на чале з ігуменняй Верай (Афонькінай). Затым святы вобраз хрэсным ходам быў дастаўлены ў кафедральны сабор святых апосталаў Пятра і Паўла ў горадзе Гомелі.
Перад шануемай іконай быў здзейснены малебен з акафістам, па завяршэнні якога ўладыка Сцяфан звярнуўся да прысутных са словам. Архіпастыр падкрэсліў, што ў дзень шанавання гэтай іконы — 20 мая — абраз будзе знаходзіцца ў Гомелі. Таксама ўладыка выказаў падзяку мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, за прадстаўленую магчымасць памаліцца перад цудатворнай Жыровіцкай іконай Божай Маці.
Для малітоўнага пакланення сабор будзе адкрыты штодня з 8:00 да 20:00 да 24 мая 2018 года.
У дні знаходжання абраза ў Гомелі перад ім будуць здзяйсняцца малебны і акафісты.
***
Жыровіцкі абраз Божай Маці выразаны на яшмавым камені невялікіх памераў і ўяўляе сабой рэльефную выяву Багародзіцы з дзіцяткам Іісусам, які абдымае Яе за шыю і пяшчотна прыціскаецца шчакой да твару Маці. Гэты цудатворны абраз — адзін з самых вядомых беларускіх святынь. На месцы яго знойдзення знаходзіцца Жыровіцкі манастыр. Молячыся перад абразом, вернікі просяць абароны ад пажару ці стыхійнага бедства, вылячэння ад хвароб і недамаганняў, збавення ад шкодных звычак і звяртаюцца пры сумневах і нерашучасці, калі стаяць перад складаным выбарам.
У 2020 годзе спаўняецца некалькі юбілейных дат, звязаных з гісторыяй цудатворнага абраза: 550-годдзе яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці, 500-годдзе з часу яе другога знойдзення і 500-годдзя заснавання Успенскага Жыровіцкага манастыра.