Круглы стол «Князь Барыс Усяславіч і яго час» адбыўся ў Барысаве

28 сакавіка 2017

top.jpg

25 сакавіка ў актавай зале Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева адбыўся круглы стол на тэму «Князь Барыс Усяславіч і яго час» з удзелам епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага Веніяміна. На мерапрыемства былі запрошаны прыхаджане храмаў Барысаўскага благачыння, работнікі ўстаноў адукацыі і культуры, краязнаўцы, супрацоўнікі бібліятэкі.

У сустрэчы прынялі ўдзел навукоўцы з Мінска, а таксама благачынны 1-й Барысаўскага акругі, настаяцель прыхода храма Ражджства Хрыстовага горада Барысава протаіерэй Аляксандр Вярбіла, благачынны 2-й Барысаўскай акругі, настаяцель прыхода храма дабравернага князя Дзімітрыя Данскога горада Барысава протаіерэй Сергій Башкіраў, настаяцель прыхода храма Архангела Міхаіла ў аграгарадку Зембін Барысаўскага раёна протаіерэй Андрэй Капульцэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама Л. І. Гарнак, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама Т. Н. Пракапенкава, дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці» (Мінск) Л. Ф. Анцух.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся ўладыка Веніямін. Архіпастыр адзначыў актуальнасць разглядаемых на мерапрыемстве пытанняў, асабліва з улікам таго, што ў гэтым годзе спаўняецца 915 гадоў гораду Барысаву, заснаванага полацкім князем Барысам Усяславічам. Са слоў епіскапа Веніяміна, мы павінны ведаць гісторыю свайго краю, памятаць сваё гістарычную роднасць і звяртацца да глыбокай старажытнасці, каб жывая сувязь пакаленняў ніколі не перарывалася.

З грунтоўным дакладам на тэму «Гістарычныя звесткі пра князя Барыса Усяславіча» выступіў вядомы вучоны-археолаг, які атрымаў яшчэ ў 1950-х гадах прызнанне ў навуковым свеце дзякуючы археалагічным раскопкам і даследаванню гісторыі старажытнага Мінска, доктар гістарычных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Эдуард Міхайлавіч Загарульскі.

У прыватнасці, вучоны адзначыў, што пра князя Барыса гістарычныя крыніцы паведамляюць зусім няшмат. Але судзіць аб жыцці і дзейнасці князя можна, зыходзячы з падзей тых гадоў, супастаўляючы розныя летапісы XII стагоддзя, а таксама ўлічваючы больш познія крыніцы, якія адносяцца да перыяду Вялікага Княства Літоўскага, асабліва «Хроніку Быхаўца» (XVI стагоддзе). Не вядомы і дакладны год нараджэння Барыса Усяславіча. Э. М. Загарульскі, правёўшы вялікую даследчую працу, выказаў здагадку, што князь Барыс нарадзіўся прыблізна ў 1055 годзе. Згодна гіпотэзе прафесара Загарульскага, Барыс Усяславіч быў не ваяўнічым, а хутчэй міралюбівым кіраўніком, стараўся не ўступаць у канфлікты з іншымі княствамі. Быў ён таксама паборнікам Праваслаўя, духоўнай культуры, пісьменнасці, аб чым сведчыць і заснаванне ім Барысаглебскага (Бельчыцкага) манастыра блізу Полацка. Барыс Усяславіч даводзіўся родным дзядзькам прападобнай Еўфрасінні Полацкай, дапамагаў ёй у падзвіжніцкіх працах.

Бакалаўр багаслоўя, настаяцель прыхода храма праведнага Іаана Кранштацкага горада Мінска іерэй Алексій Хацееў выступіў на тэму «Барысавы камяні».

Вялікую цікавасць у слухачоў выклікала і выступленне Любові Віктараўны Ляўшун — доктара філалагічных навук, прафесара кафедры літаратурнай крытыкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Даклад прызнанага даследчыка старажытнарускай кніжнасці прысвячаўся тэме «Еўфрасіння Рагвалодаўна, князёўна Полацкая, княгіня Віцебская: праблемы жыццяпісу».

Па заканчэнні круглага стала, выступоўцы адказалі на пытанні слухачоў.

У заключэнне епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін параіў работнікам адукацыі і культуры выкарыстоўваць атрыманую на круглым стале інфармацыю ў практычнай рабоце па патрыятычнаму выхаванню моладзі, прывіццю ім цікавасці і любові да роднага краю.

Пазней, размаўляючы з навукоўцамі, удзельнікамі круглага стала, уладыка Веніямін прапанаваў ім абагульніць разгледжаныя матэрыялы, па магчымасці дапоўніць наяўнымі гістарычнымі дадзенымі і апублікаваць іх.

Барысаўская епархія / Church.by