Курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў АПК прайшлі ў Барысаве
14 студзеня 2019На базе абласнога рэсурснага цэнтра ДУА «Вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад — сярэдняя школа № 24 г. Барысава» прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, якія выкладаюць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры».
Перад прысутнай аўдыторыяй выступіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Сярэдняя школа № 9 г. Жодзіна» Марыя Далецкая. Марыя Іванаўна доўгі час чытае курс лекцый для педагогаў пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, мае шматгадовы вопыт выкладання Закона Божага ў нядзельнай школе, а таксама яна — адна з першых, хто пачынаў выкладанне факультатыўнага курса АПК на базе свецкай установы адукацыі.
Педагогам было прапанавана разгледзець розныя метады правядзення заняткаў. Лектар адзначыла, што карысна і эфектыўна выкарыстоўваць навакольнае культурнае і гістарычнае асяроддзе ў навучальных мэтах. Напрыклад, аповед пра Праваслаўе будзе больш эфектыўным і цікавейшым, калі дапоўніць яго ўражаннямі ад агляду храма. Некаторыя ўрокі па курсу могуць праводзіцца на прыродзе, у асяроддзі архітэктурных і гістарычных помнікаў. На занятках можа гучаць музыка, апавяданне настаўніка можа суправаджацца дэманстрацыяй фільмаў, прэзентацый.
— Пісьменнае і метадычна правільнае выбудоўванне напрамку факультатыўнага курсу «Асновы праваслаўнай культуры» адкрые перад вучнямі свет, абагачаны праваслаўнай духоўнасцю, выхавае іх грамадзянамі і патрыётамі, навучыць бачыць сапраўдныя каштоўнасці, дапаможа ў выбары жыццёвага шляху, сфаріруе духоўна-маральны базіс, — падагульніла сваю лекцыю М. І. Далецкая і пажадала ўсім прысутным плённай працы і творчых поспехаў.