Літургія на беларускай мове была здзейсненая ў ніжняй царкве Гродзенскага Старога замка

09 верасня 2019

top.jpg

8 верасня, у рамках святкавання Дня беларускага пісьменства, у ніжняй царкве Старога замка горада Гродна была здзейснена Літургія на беларускай мове. Узначаліў богаслужэнне настаяцель Пакроўскага кафедральнага сабора протаіерэй Георгій Рой. Па словах айца Георгія, верагодна, гэта першая за стагоддзі Літургія, адслужаная на гэтым месцы.

У актавай залі сабора адбыўся культурна-асветніцкі вечар «Забытыя паэты Гродзеншчыны». З прывітальным словам выступіў іерэй Павел Каспяровіч, архіерэйскі хор пад кіраваннем протадыякана Дзімітрыя Шэпелева выканаў гімн «Магутны Божа».

Забытыя імёны ўспомнілі члены Саюза беларускіх пісьменнікаў: Сяргей Чыгрын (Слонім), Святлана Абдулаева (Навагрудак), прафесар Аляксей Пяткевіч (Гродна) і старшыня Гродзенскага аддзялення СБП Валянцін Дубатоўка (Гродна).

Айцец Павел прапанаваў скласці спіс спачылых пісьменнікаў для заўпакойнага малітоўнага памінання.

Гродзенская епархія / Church.by