Любоў ніколі не перастае: выйшаў новы нумар часопіса «Ступені», прысвечаны мітрапаліту Філарэту
18 сакавіка 2021«Любоў ніколі не перастае» — сведчыць святы апостал Павел (1 Кар. 13:8) аб найвышэйшай хрысціянскай цноце. Успамінаючы жыццё і дабрыя якасці незабыўнага Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта, рэдакцыя часопіса «Ступені» падрыхтавала напярэдадні дня нараджэння першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі асаблівы выпуск, цалкам прысвечаны дарагому ўладыку. У нумар увайшлі пяць інтэрв'ю ўладыкі мітрапаліта часопісу «Ступені», якія выйшлі ў 2000-2008 гадах, два яго артыкулы — пра Вялікі пост і пра подзвіг сямейнага служэння, а таксама ўспаміны іерархаў і святароў, якія доўгі час працавалі пад амафорам уладыкі ў Мінскіх духоўных школах і Успенскай Жыровіцкай абіцелі: мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі; мітрапаліта Карэльскага і Петразаводскага Канстанціна (у 1990-1996 гг. — рэктар Мінскай духоўнай семінарыі), архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана (у 1989-1990 гг. — рэктар Мінскай духоўнай семінарыі), архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя, намесніка Жыровіцкай Успенскай абіцелі (у 2012-2020 гг. — рэктар Мінскіх духоўных школ), прафесара архімандрыта Іаасафа (Морзы) (у 2008-2012 гг. — рэктар Мінскіх духоўных школ).
Артыкулы і ўспаміны ілюстраваныя фотаздымкамі з архіва рэдакцыі і Мінскай духоўнай семінарыі. Асобныя фота публікуюцца ўпершыню.
Жадаем душакарыснага чытання!