Марка «Беларуская Праваслаўная Царква. 1025-годдзе Полацкай епархіі» ўвайшла ў дзясятку лепшых у свеце
18 чэрвеня 2018Падведзены вынікі конкурсу на званне самай прыгожай маркі свету 2017 года «Вялікі прыз выставы WIPA» ў Аўстрыі. У конкурсе прыняло ўдзел больш за 70 краін, паведамляе сайт «Белпошты».
Шостае месца заняла Беларусь з маркай «Беларуская Праваслаўная Царква. 1025-годдзе Полацкай епархіі».
Кубак «Галоўны прыз выставы WIPA» і званне пераможцы атрымалі Фарэрскія астравы за блок «Фарэрскія нажы» з залатым цісненнем. У топ-10 таксама ўвайшлі Бразілія, Ліхтэнштэйн, Аргенціна, Люксембург, Партугалія, Фіджы, Францыя і Польшча.
Паштовы блок «Беларуская Праваслаўная Царква. 1025-годдзе Полацкай епархіі» выпушчаны ў абарачэнне 26 кастрычніка 2017 года. Мастак Таццяна Дольская, дызайн Яўгеніі Бядонік. У блоку тры маркі, пры яго вырабе выкарыстана фігурная высечка і тэхналогіі тэрмічнага ціснення матавай фальгой залацістага колеру і кангрэўнага ціснення. Блок друкаваўся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А. Т. Непагодзіна» накладам 20 тысяч асобнікаў.
Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой і Мінскай духоўнай акадэміяй імя свяціцеля Кірыла Тураўскага.
***
Полацкая епархія вядзе сваю гісторыю ад 992 года, калі тут была заснавана першая на Белай Русі епіскапская кафедра.
Летапіснае згадванне аб першым праваслаўным полацкім храме — Божай Маці — датуецца 1007 годам. У сярэдзіне ХІ стагоддзя ў Полацку быў узведзены чацвёрты ў хрысціянскім свеце Сафійскі сабор. Адсюль пачала свой праведны шлях спадчынніца роўнаапостальнага князя Уладзіміра князёўна Прадзіслава — святая прападобная Еўфрасіння, ігумення Полацкая.
Полацкая епархія, якая перажыла і росквіт у XIV-XVI стагоддзях, і ўніяцтва ў канцы XVI — пачатку XIX стагоддзя, і спыненне свайго існавання да пачатку Другой сусветнай вайны, у год свайго 1000-годдзя (1992) была адроджана. Яе межы ахопліваюць тэрыторыю 10 раёнаў Віцебскай вобласці. Кафедральныя гарады — Полацк і Глыбокае.
***
Венская міжнародная філатэлістычная выстава, ВІПА (ад ім. Wiener Internationale Postwertzeichen-Ausstellung, WIPA) праходзіць у сталіцы Аўстрыі — Вене з 1881 года і з'яўляецца самай вядомай традыцыйнай філатэлістычнай выставай Еўропы. Журы конкурсу складаецца з вядомых мастакоў марак, філатэлістычных журналістаў, прадстаўнікоў Аўстрыйскай паштовай адміністрацыі і Аўстрыйскага Нацыянальнага дзяржаўнага Дома Друку (аўстрыйская марка не ўдзельнічае ў конкурсе).