Міжнародны форум, прысвечаны 370-годдзю мучаніцкай смерці святога Афанасія Брэсцкага, збярэ навукоўцаў з трох славянскіх краін
02 лістапада 201815 лістапада 2018 года ў гарнізонным храме свяціцеля Мікалая Цудатворца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Праваслаўе ў духоўным жыцці Беларусі», прысвечаная 370-годдзю пакутніцкага скону прападобнамучаніка Афанасія (Філіповіча), ігумена Брэсцкага. Форум збярэ навукоўцаў-даследчыкаў з Беларусі, Расіі і Польшчы.
Асноўныя тэмы дакладаў будуць прысвечаны жыццю заступніка зямлі Берасцейскай — святога Афанасія; праблемам Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года; гісторыі Праваслаўя ў Рэчы Паспалітай; жыццёваму шляху і дзейнасці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), ініцыятара ўз'яднання беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой.
Чакаецца, што ў канферэнцыі прыме ўдзел архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан.
На ўрачыстым адкрыцці форуму прагучаць спевы ў выкананні хору духавенства Брэсцкай епархіі (кіраўнік протаіерэй Валерый Грыцук, клірык храма свяціцеля Мікалая горада Брэста).