Мітрапаліт Павел наведаў парад войскаў Мінскага гарнізона з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

04 ліпеня 2019

top.jpg

3 ліпеня 2019 года, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ля стэлы «Мінск-горад-герой» прайшоў парад войскаў Мінскага гарнізона. Парад прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь.

На трыбунах прысутнічалі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і епіскап Бараўлянскі Ігнацій; ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, парламентарыі, дыпламаты, дзеячы навукі і культуры, моладзь.

Аляксандр Лукашэнка выступіў перад прысутнымі з прамовай.

«Роўна 75 гадоў таму тут адгрымелі апошнія баі за сталіцу нашай Радзімы — горад Мінск, — сказаў, у прыватнасці, беларускі лідар. — Гэта быў трыумф адзінства і сілы духу вялікага пакалення воінаў-вызваліцеляў. Сёння мы зноў успамінаем усіх, хто гераічна трымаў удар агрэсара. І гэтая памяць — частка нашай нацыянальнай самасвядомасці».

«Мы 75 гадоў жывём пад чыстым небам. У імя свяшчэннай памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны абавязаны захаваць мір і незалежнасць сваёй зямлі. Перадаць гэтую самую вялікую каштоўнасць у нашым жыцці наступным пакаленням», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У парадзе прынялі ўдзел больш за 5 тысяч вайскоўцаў. У складзе механізаванай калоны былі задзейнічаны больш за 280 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі, а ў паветраным парадзе — каля 50 самалётаў і верталётаў.

БелТА / Church.by