Мітрапаліт Павел прымае ўдзел у святкаванні 170-годдзя Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме

20 кастрычніка 2017

top.jpg

Урачыстасці з нагоды 170-годдзя Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме пачаліся на Святой Зямлі.

20 кастрычніка 2017 года ў 11:30 кіраўнік дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій прыбыў у аэрапорт Тэль-Авіва «Бэн-Гурыён» (Ізраіль). У зале афіцыйных дэлегацый аэрапорта мітрапаліта Ювеналія сустракалі: начальнік Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме архімандрыт Аляксандр (Елісаў) і намеснік начальніка РДМ іераманах Дамеціян (Маркаран).

Затым мітрапаліт Ювеналій прыбыў у Іерусалім, на Сергіеўскае падвор'е РДМ, дзе Высокапраасвяшчэннага ўладыку чакалі члены дэлегацыі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Яраслаўскі і Растоўскі Панцеляіман; архіепіскап Суражскі Елісей; вікарый Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі епіскап Падольскі Ціхан; ігумен Феафан (Лук'янаў) і суправаджаючыя іх асобы. Акрамя таго, у дэлегацыю Рускай Праваслаўнай Царквы таксама ўваходзяць кіраўнік Упраўлення Маскоўскай Патрыярхіі па замежных установах епіскап Звенігарадскі Антоній і архіепіскап Берлінскі і Германскі Марк (Руская Праваслаўная Царква За мяжой).

У 13:30 у Малой троннай зале Іерусалімскай Патрыярхіі адбылася сустрэча членаў дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы з Патрыярхам Святога горада Іерусаліма і ўсёй Палесціны Феафілам III.

Мітрапаліт Ювеналій перадаў Яго Блажэнству самыя цёплыя брацкія прывітанні і добрыя пажаданні ад Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

— Яго Свяцейшасць благаславіў нас прыбыць у Святую Зямлю на святкаванне 170-годдзя Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме, — сказаў мітрапаліт Ювеналій. — Галоўнае для нас — малітва, і таму мы, як і належыць пілігрымам, прама з аэрапорта накіраваліся да Вашага Блажэнства, каб атрымаць Ваша благаславенне здзейсніць тут, у Святым горадзе Іерусаліме, Бажэственную літургію на Гробе Гасподнім і ў Троіцкім саборы Рускай духоўнай місіі. Мы таксама спадзяемся на тое, што ўсе святочныя мерапрыемствы, звязаныя са святкаваннем юбілею Місіі, пройдуць пад Вашым старшынствам, у асаблівасці ж Бажэственная літургія ў нядзелю, 22 кастрычніка, якая мае быць здзейснена ў Троіцкім саборы.

У гэтым годзе Руская Праваслаўная Царква святкуе 100-годдзе аднаўлення Патрыяршаства, і ў сувязі з гэтым дазвольце перадаць Вашаму Блажэнству наша гарачае жаданне бачыць і вітаць Вас у Расіі, у Маскве, на гэтых знакавых урачыстасцях. Рускі народ заўсёды адчуваў самыя цёплыя пачуцці да Маці Цэркваў — Царквы Іерусалімскай.

Падзякаваўшы Патрыярху Феофілу за бацькоўскі клопат пра Рускую духоўную місію ў Іерусаліме, у памяць аб сустрэчы мітрапаліт Ювеналій перадаў Яго Блажэнству Казанскі вобраз Прасвятой Багародзіцы, шыты пацеркамі.

У слове ў адказ Патрыярх Феафіл падзякаваў высокім гасцям за наведванне і выказаў шчырую надзею на тое, што і ў далейшым братэрскае супрацоўніцтва Рускай і Іерусалімскай Цэркваў будзе развівацца і ўмацоўвацца.

Затым Яго Блажэнства ўручыў членам дэлегацыі па-майстэрску вырабленыя перламутравыя крыжы і панагіі, пасля чаго было зроблена агульнае фота.

У 15:00 на Сергіеўскім падвор'і начальнікам Рускай духоўнай місіі для членаў дэлегацыі быў дадзены абед.

У той жа дзень у 17:00 дэлегацыя Рускай Праваслаўнай Царквы наведала рускі Спаса-Узнясенскі жаночы манастыр на Елеоне. Ля брамы манастыра дэлегацыю сустракалі архіепіскап Берлінскі і Германскі Марк (РПЦЗ), начальнік РДМ РПЦЗ архімандрыт Раман (Красоўскі), настаяцельніца манастыра ігумення Варвара (Новікава), духавенства і сёстры абіцелі.

У галоўным храме манастыра іерархі Рускай Праваслаўнай Царквы МП і Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы сумесна здзейснілі паніхіду на магіле незабыўнага збіральніка рускіх зямель у Зямлі Святой, стваральніка «Рускай Палесціны» архімандрыта Антаніна (Капусціна).

З прывітальнай прамовай да высокіх гасцей звярнуўся архіепіскап Берлінскі і Германскі Марк, які падзякаваў мітрапаліту Ювеналію і членам дэлегацыі за цёплую памяць пра айца архімандрыта Антаніна і ўручыў іерархам Рускай Праваслаўнай Царквы памятныя медалі ў гонар 200-годдзя з дня нараджэння архімандрыта Антаніна (Капусціна).

У слове ў адказ мітрапаліт Ювеналій падзякаваў архіепіскапу Марку за радасць малітоўнага з'яднання і падкрэсліў, што асновы «Рускай Палесціны», якія заклаў архімандрыт Антанін ў Святой Зямлі, з'яўляюцца асновамі трывалымі, непахіснымі, на якіх будучыя і цяперашнія працаўнікі Рускай духоўнай місіі могуць бязбоязна будаваць будучыню рускай прысутнасці на Блізкім Усходзе.

У ігуменскіх пакоях для высокай дэлегацыі быў дадзены прыём.

Першы дзень святкавання завяршыўся трапезай і знаёмствам высокіх гасцей з сучасным уладкаваннем і жыццём Рускай духоўнай місіі.

Прэс-служба Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме / Church.by

Фотарэпартаж

Фотарэпартаж