Мітрапаліт Павел прыняў удзел у цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне»
09 студзеня 20199 студзеня 2019 года ў Палацы Рэспублікі ў горадзе Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльных прэмій «Беларускі спартыўны Алімп».
Па традыцыі, удзел у цырымоніі прыняў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
У зале прысутнічалі: архіерэі і духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўнікі і супрацоўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі заканадаўчай улады, навуковай і творчай інтэлігенцыі.
Цырымонія адкрылася уступным словам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
«Мы заўсёды будзем беражліва ставіцца да свайго культурнага здабытку. Але галоўная каштоўнасць дзяржавы — гэта Вы, нашы людзі, якія сваім талентам, творчасцю і працавітасцю прымнажаюць яе славу, натхняюць суайчыннікаў на добрыя справы, з'яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы», — падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх прысутных з Новым годам і Святам Ражджаства Хрыстовага, пажадаўшы шчасця, дабра і міру.
Затым здзейснілася ўручэнне заслужаных узнагарод лаўрэатам.
Сёлета прэміі «За духоўнае адраджэнне» быў удастоены калектыў Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы за пераклад з арыгінала кніг Новага Запавету на сучасную беларускую мову. Гэтая шматгадовая праца будзе спрыяць прымнажэнню духоўнай спадчыны нашага народа. Ад імя Біблейскай камісіі прэмію з рук Кіраўніка дзяржавы прыняў клірык Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска, першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Сергій Гардун.
Ад імя ўсіх узнагароджаных са словамі падзякі да Прэзідэнта звярнулася дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса Ганна Георгіеўна Гарчакова.
З прывітальным словам да прысутных таксама звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Уладыка Экзарх падкрэсліў, што праца жыхароў Беларусі, якая здзяйсняецца ў славу Божую, у славу Айчыны і на карысць блізкіх, кладуцца ў аснову падмурка нашай дзяржавы і надаюць ёй асаблівую духоўна-маральную сілу для росквіту. Мітрапаліт Павел выказаў шчырую ўдзячнасць Прэзідэнту Беларусі за падтрымку талентаў, а ўсім прысутным пажадаў міру і дабрабыту ад народжанага ў Віфлееме Госпада і Спасіцель.
Пасля цырымоніі ўручэння ўзнагарод адбыўся святочны канцэрт «Каляды. Радзіма. Адраджэнне». Асноўнай тэмай, якая звязвала разам усе нумары, стаў вобраз каляднай Беларусі, дзе жывуць таленавітыя і добрыя людзі. Падчас канцэрта былі выкананы шэдэўры сусветнай і айчыннай класічнай музыкі, лепшыя песні беларускіх кампазітараў, харэаграфічныя замалёўкі і літаратурныя нумары. На сцэну выйшлі артысты Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл, салісты Вялікага тэатра Беларусі Анастасія Масквіна і Уладзімір Громаў, Фіналіст тэлепраектаў «Талент краіны» і «Голас. Дзеці» Яраслаў Саколікаў, ансамбль «Песняры», спявачка Алёна Ланская і іншыя беларускія артысты і творчыя калектывы, у тым ліку лаўрэаты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. На канцэрце таксама выступіў малодшы сын Галавы дзяржавы Мікалай Лукашэнка.