Мітрапаліт Павел прыняў удзел у служэнні малебна ля Мамврыйскага дуба і наведаў храм Ражджаства Хрыстовага ў Віфлееме

22 кастрычніка 2017

top.jpg

Раніцай 21 кастрычніка 2017 года дэлегацыя іерархаў Рускай Праваслаўнай Царквы, якая прыбыла ў Святую Зямлю на святкаванне 170-годдзя заснавання Рускай духоўнай місіі, наведала ўчастак РДМ у Хеўроне. Тут ля галоўнай святыні гэтых месцаў — Мамврыйскага дуба — кіраўнік дэлегацыі мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій адслужыў кароткі малебен.

Далей члены дэлегацыі агледзелі галоўны храм падвор'я ў гонар святых Праайцоў. Тут свяшчэннаслужыцелі праспявалі трапар, кандак і велічанне праведным Аўрааму і Сары і пакланіліся шануемым іконам.

Затым мітрапаліт Ювеналій здзейсніў чын асвячэння адноўленай капліцы ў гонар Святой Тройцы, размешчанай паблізу ад алтара храма.

— У гэтым святым месцы хочацца сказаць, — звярнуўся да членаў дэлегацыі і пілігрымаў мітрапаліт Ювеналій, — што мы ў радасці духоўнай і духоўным яднанні з усёй Рускай Праваслаўнай Царквой, адзначаем юбілей нашай Місіі, таму што дзесяць гадоў таму назад адбылося прымірэнне ўнутры Рускай Праваслаўнай Царквы пасля сумных падзей, якія адбыліся па не залежных ад нас палітычных прычынах у нашай Расіі. Сёння мы адзіным сэрцам і адзінымі вуснамі ўзносім падзяку Спасіцелю свету.

Тут, ля дуба Мамврыйскага, мы хочам звярнуцца да тых, хто не вызнае Адзінага Праўдзівага Бога, сумняваючыся ў Яго існаванні — тут хочацца сказаць усім, каб нас пачулі: Бог ніколі не пакідаў Свайго народа. Тут, ля дуба Мамврыйскага, з'явіліся тры вандроўнікі ў выглядзе ангелаў, з'явілася Святая Троіца, і мы да гэтага часу ставімся з вялікай пашанай перад да гэтага свяшчэннага яўлення, і гэты Мамврыйскі дуб усім пакаленням, і цяперашнім, і будучым, сведчыць аб прысутнасці Бога-Творцы і Прамысліцеля сярод людзей.

Мы радуемся, што тыя святыя месцы, якія набылі нашы папярэднікі, захоўваюцца Рускай духоўнай місіяй з глыбокай павагай і трымценнем.

Затым дэлегацыя наведала базіліку Ражджаства Хрыстовага ў Віфлееме.

Ля ўваходу ў храм кіраўніка дэлегацыі і яе членаў сустракалі месцазахавальнік Патрыярха Святога горада Іерусаліма і ўсёй Палесціны ў Віфлееме архіепіскап Іарданскі Феафілакт і духавенства храма. Члены дэлегацыі прайшлі ў пячору Нараджэння і са спяваннем ражджэственскіх спеваў пакланіліся вялікай хрысціянскай святыні — месцу Нараджэння Хрыстовага.

Далей члены дэлегацыі наведалі паломніцкі дом Рускай духоўнай місіі «Pilgrim Residence», размешчаны паблізу ад базілікі Ражджаства Хрыстовага. Тут у гонар высокіх гасцей з Расіі быў дадзены ўрачысты прыём, на якім прысутнічалі мэр Віфлеема Антон Салман, Прадстаўнік Расійскай Федэрацыі пры Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі А. Р. Аганін, прадстаўнікі адміністрацыі, сілавых структур і хрысціянскіх абшчын Віфлеема.

Увечары таго ж дня ў саборы Усіх святых, у зямлі Расійскай праслаўленых, Горненскага жаночага манастыра ў Эйн-Карэме мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій узначаліў усяночнае трыванне, на якім члены Рускай духоўнай місіі ігумен Лявонцій (Казлоў) і іераманах Дамеціян (Маркаран) былі ўзнагароджаны патрыяршымі граматамі «Зважаючы на руплівасць на карысць Святой Царквы».

Па благаславенню Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў склад дэлегацыі ўвайшлі: кіраўнік дэлегацыі — Патрыяршы намеснік Маскоўскай епархіі мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій; Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел; мітрапаліт Яраслаўскі і Растоўскі Панцеляіман; архіепіскап Суражскі Елісей; вікарый Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі епіскап Падольскі Ціхан; кіраўнік Упраўлення Маскоўскай Патрыярхіі па замежных установах епіскап Звенігарадскі Антоній; ігумен Феафан (Лук'янаў) і суправаджаючыя іх асобы.

Прэс-служба Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме / Church.by

Фотарэпартаж

Фотарэпартаж

Фотарэпартаж