Мітрапаліт Павел прыняў удзел у пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы
26 лютага 201926 лютага 2019 года ў зале пасяджэнняў Свяшчэннага Сінода Патрыяршай і Сінадальнай рэзідэнцыі ў Данілавым манастыры ў горадзе Маскве пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла адбылося чарговае пасяджэнне Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.
У пасяджэнні прынялі ўдзел пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода: мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій; мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір; мітрапаліт Астанайскі і Казахстанскі Аляксандр, кіраўнік Мітрапалічай акругі ў Рэспубліцы Казахстан; мітрапаліт Ташкенцкі і Узбекістанскі Вікенцій, кіраўнік Сярэднеазіяцкай мітрапалічай акругі; мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій; мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, а таксама часовыя члены Свяшчэннага Сінода: мітрапаліт Запарожскі і Мелітопальскі Лука; мітрапаліт Барнаульскі і Алтайскі Сергій; епіскап Нарвенскі і Прычудскі Лазар; епіскап Рыбінскі і Данілаўскі Веніямін; епіскап Находкінскі і Праабражэнскі Мікалай..
Свяшчэнны Сінод абмеркаваў вынікі святкавання дзесяцігоддзя Памеснага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы 2009 года і інтранізацыі Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. У прынятай Свяшчэнным Сінодам пастанове адзначаецца ўдзел у прымеркаваных да юбілею ўрачыстасцях афіцыйных дэлегацый Памесных Праваслаўных Цэркваў і падкрэслена значнасць братэрскіх зносін для ўмацавання адзінства Святога Праваслаўя. Члены Сінода выказалі падзяку Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за накіраванае віншаванне ў гонар дзесяцігоддзя інтранізацыі Свяцейшага Патрыярха Кірыла. Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу Сінод выказаў сыноўнюю падзяку за шматлікую і рознабаковую працу.
Важным пытаннем, разгледжаным на пасяджэнні, стала пытанне аб становішчы Украінскай Праваслаўнай Царквы, якое склалася з прычыны антыкананічнага ўварвання Канстанцінопальскага Патрыярхату на яе кананічную тэрыторыю. Па выніках абмеркавання Свяшчэнным Сінодам была прынята асобная заява па дадзенай тэме.
Свяцейшы Патрыярх Кірыл праінфармаваў прысутных аб выніках XXVII Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў, якія праходзілі ў перыяд з 27 па 31 студзеня бягучага года (тэма: «Моладзь: свабода і адказнасць»). Члены Свяшчэннага Сінода ўхвалілі Выніковы дакумент праведзеных Чытанняў, а таксама вызначылі тэрміны правядзення наступных XXIII Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў. Яны адбудуцца ў перыяд з 26 па 29 студзеня будучага года.
Падчас пасяджэння абмяркоўваліся пытанні аб арганізацыі кіравання ў Патрыяршым Экзархаце Заходняй Еўропы і аб заснаванні епархій і арганізацыі кіравання ў Патрыяршым Экзархаце Паўднёва-Усходняй Азіі. Па выніках іх разгляду Сінод зацвердзіў «Унутранае палажэнне аб Патрыяршым Экзархаце ў Заходняй Еўропе» і «Унутранае палажэнне аб Патрыяршым Экзархаце ў Паўднёва-Усходняй Азіі».
У рамках праведзенага пасяджэння члены Свяшчэннага Сінода разгледзелі і задаволілі прашэнне мітрапаліта Санкт-Пецярбургскага і Ладажскага Варсанофія аб вызваленні яго ад займаемай ім пасады кіраўніка спраў Маскоўскай Патрыярхіі. Прашэнне было пададзена ў сувязі са значна ўзросшым за апошні час аб'ёмам працы па архіпастырскім акармленні Санкт-Пецярбургскай мітраполіі. Мітрапаліту Варсанофію выказана сардэчная падзяка за панесеную на працягу дзесяці гадоў архіпастырскую працу ў кіраванні справамі Маскоўскай Патрыярхіі. Кіраўніком спраў Маскоўскай Патрыярхіі Сінод прызначыў мітрапаліта Цвярскога і Кашынскага Саву, першага намесніка кіраўніка спраў Маскоўскай Патрыярхіі, а на яго месца — епіскапа Васкрасенскага Дыянісія, вікарыя Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Намеснік кіраўніка спраў Маскоўскай Патрыярхіі архімандрыт Сава (Тутунаў) быў абраны вікарыем Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі з тытулам «Зеленаградскі». За ім захаваны абавязкі ў кіраванні справамі Маскоўскай Патрыярхіі.
Мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі Марк вызвалены ад займаемай пасады старшыні Фінансава-гаспадарчага ўпраўлення Маскоўскай Патрыярхіі з падзякай за панесеную працу. Старшынёй фінансава-гаспадарчага ўпраўлення Маскоўскай Патрыярхіі прызначаны мітрапаліт Валагодскі і Кірылаўскі Ігнацій, з захаваннем за ім абавязкаў па архіпастырскаму акармленну Валагодскай епархіі.
Паўторна разглядаючы прашэнне аб залічэнні на спачын мітрапаліта Арлоўскага і Болхаўскага Антонія, пададзенае ім у сувязі з дасягненнем 75-годдзя, Свяшчэнны Сінод вырашыў прашэнне задаволіць, выказаўшы сардэчную падзяку мітрапаліту Антонію за шматгадовае архіпастырскае служэнне ў епархіях Рускай Праваслаўнай Царквы, якое адзначана шматразовым павелічэннем прыходаў і духавенства, будаўніцтвам храмаў, клопатам аб прыходах і манастырах, плённым узаемадзеяннем з рэгіянальнымі ўладамі і грамадскімі аб'яднаннямі. Мітрапалітам Арлоўскім і Болхаўскім, кіраўніком Арлоўскай мітраполіі, вызначана быць мітрапаліту Мурманскаму і Манчагорскаму Сіману, а мітрапалітам Мурманскім і Манчагорскім, кіраўніком Мурманскай мітраполіі, — епіскапу Севераморскаму і Умбскаму Мітрафану.
Свяшчэнны Сінод прыняў пастанову аб замяшчэнні вакантнай кафедры Бійскай епархіі (Алтайская мітраполія). Праасвяшчэнным Бійскім і Белакурыхінскім вызначана быць епіскапу Тарускаму Серафіму, вікарыю Калужскай епархіі.
Закранаючы пытанне аб перамяшчэнні намеснікаў стаўрапігіяльных манастыроў, Сінод пастанавіў вызваліць архіепіскапа Сергіева-Пасадскага Феагноста, вікарыя Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ад пасады намесніка Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры, выказаўшы яму падзяку за шматгадовае акармленне святой абіцелі і захаваўшы за ім абавязкі вікарыя Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі з тытулам «Кашырскі» і старшыні Сінадальнага аддзела па манастырах і манастве. Намеснікам Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры з тытулам «Сергіева-Пасадскі» быў прызначаны епіскап Бронніцкі Парамон, вікарый Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, з вызваленнем яго ад пасады намесніка Данскога манастыра горада Масквы, з выражэннем падзякі за панесеную працу. Намеснікам Данскога манастыра з тытулам «Бронніцкі» прызначаны епіскап Уржумскі і Амутнінскі Фама, вызвалены ад кіравання Уржумскай епархіяй.
Сінод зацвердзіў тэкст малітвы перад прыняццем леку, а таксама трапар, кандак і малітву прападобнаму Іоне Яшэзерскаму.
Таксама, згодна з дзеючым парадкам, Свяшчэнны Сінод зацвердзіў журналы Сінода Сярэднеазіяцкай мітрапалічай акругі.
Журналы пасяджэння Свяшчэннага Сінода ад 26 лютага 2019 года