Мітрапаліт Павел прыняў удзел у пазачарговым пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы

14 верасня 2018

top.jpg

14 верасня 2018 года ў Патрыяршай і Сінадальнай рэзідэнцыі ў Данілавым манастыры ў Маскве пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла адбылося пазачарговае пасяджэнне Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.

У пасяджэнні прынялі ўдзел пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода: мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый (па стане здароўя Яго Блажэнства не змог прыбыць у Маскву і прыняў удзел у пасяджэнні з дапамогай відэасувязі па Skype); мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій; мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір; мітрапаліт Астанайскі і Казахстанскі Аляксандр, кіраўнік мітрапалічай акругі ў Рэспубліцы Казахстан; мітрапаліт Ташкенцкі і Узбекістанскі Вікенцій, кіраўнік Сярэднеазіяцкай мітрапалічай акругі; мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій, кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі; мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату.

Удзел у пасяджэнні прынялі таксама часовыя члены Свяшчэннага Сінода: мітрапаліт Запарожскі і Мелітопальскі Лука; мітрапаліт Барнаульскі і Алтайскі Сергій; епіскап Нарвенскі і Прычудскі Лазар; епіскап Рыбінскі і Данілаўскі Веніямін; епіскап Находкінскі і Праабражэнскі Мікалай.

З уступным словам да ўдзельнікаў пасяджэння звярнуўся Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

«Сёння на парадку дня адно пытанне, звязанае з рэалізацыяй рашэння Канстанцінопальскага Патрыярхату аб накіраванні на Украіну так званых экзархаў. 8 верасня наш Сінод ужо зрабіў заяву ў сувязі з прыняццем Канстанцінопальскім Сінодам рашэння аб накіраванні такіх прадстаўнікоў, і цяпер мы маем дакладную інфармацыю аб тым, што яны прыбылі на Украіну і прыступілі да працы», — сказаў, адкрываючы пасяджэнне, Свяцейшы ўладыка.

Па стане здароўя на пасяджэнні не змог прысутнічаць Блажэннейшы мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый. Быў арганізаваны сеанс відэасувязі, падчас якога мітрапаліт Ануфрый паведаміў членам Сінода пра стан спраў у сувязі з прызначэннем на Украіну іерархаў Канстанцінопальскага Патрыярхату.

«Сапраўды, абодва так званых экзарха Канстанцінопальскага Патрыярха прыбылі на Украіну, — пацвердзіў Блажэннейшы мітрапаліт Ануфрый. - Адзін прызначаны весці перагаворны працэс з бокам так званага патрыярха Філарэта, другі - з бокам "мітрапаліта" Макарыя, кіраўніка "Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы"».

«Мы з імі не сустракаліся і сустракацца не маем намеру, таму што яны сюды прыехалі без нашага благаславення. Як прадстаўнікі кананічнай Царквы на Украіне мы з імі мець зносіны не будзем, ну, а за тым, як развіваюцца падзеі, будзем сачыць», — дадаў, у прыватнасці, мітрапаліт Ануфрый.

Вітаючы Блажэннейшага ўладыку, Свяцейшы Патрыярх Кірыл выказаў надзею на тое, што свяшчэннаначалле Украінскай Праваслаўнай Царквы будзе «працягваць адзіна правільны шлях — ажыццяўляць сваё служэнне ў адпаведнасці з канонамі Праваслаўнай Царквы».

«Тое, што цяпер адбываецца ў сувязі з накіраваннем так званых экзархаў, з'яўляецца люстраным адбіткам таго, што рабіў Канстанцінопальскі Патрыярх у 1920-я гады, калі наша Царква на чале з Патрыярхам Ціханам знаходзілася ў вельмі складаных умовах, — працягнуў Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы. - Патрыярх адчуваў найцяжэйшы ціск з боку ўладаў, інспіраваная ўладамі раскольніцкая арганізацыя — абнаўленчая «царква» — набірала сілы, і тады Патрыярх Канстанцінопальскі Грыгорый VII прымае рашэнне паслаць у Маскву так званую камісію нібыта па просьбе нейкіх праваслаўных. Натуральна, Руская Праваслаўная Царква ніякіх просьб у адрас Патрыярха Грыгорыя VII не накіроўвала — мабыць, іх накіроўвалі раскольнікі-абнаўленцы. І Патрыярх Ціхан напісаў вельмі ясны, кананічна абгрунтаваны ліст з пратэстам супраць таго, каб на кананічную тэрыторыю Рускай Праваслаўнай Царквы, якую ён узначальваў, некананічным шляхам была накіравана нейкая «камісія» з боку іншай Памеснай Царквы. Мы ведаем, у якіх цяжкіх умовах знаходзіўся тады Патрыярх Ціхан. Але нягледзячы на тое, што Патрыярх быў практычна пазбаўлены свабоды, ён мужна і выразна вызначыў пазіцыю».

«Паколькі тое, што адбываецца цяпер на Украіне, як я ўжо сказаў, з'яўляецца адлюстраваннем таго, што мела месца ў пачатку XX стагоддзя, мы павінны прытрымлівацца той лініі, якую вельмі мужна вызначыў Свяцейшы Патрыярх Ціхан у найцяжэйшыя для нашай Царквы гады і якая з'яўляецца адзіна правільнай і кананічна абгрунтаванай», — сказаў на заканчэнне Свяцейшы Патрыярх Кірыл.

У ходзе пасяджэння члены Свяшчэннага Сінода мелі меркаванне пра дзеянні ў адказ у сувязі з прызначэннем Канстанцінопальскім Патрыярхатам сваіх «экзархаў» у Кіеў у рамках прынятага Сінодам гэтай Царквы «рашэння аб прадастаўленні аўтакефальнага статусу Праваслаўнай Царкве на Украіне».

Свяшчэнны Сінод прыняў рашэнне прыпыніць малітоўнае памінанне Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея за богаслужэннем, прыпыніць саслужэнне з іерархамі Канстанцінопальскага Патрыярхату і прыпыніць удзел Рускай Праваслаўнай Царквы ва ўсіх епіскапскіх сходах, багаслоўскіх дыялогах, шматбаковых камісіях і іншых структурах, у якіх старшынствуюць або сустаршынствуюць прадстаўнікі Канстанцінопальскага Патрыярхату. Прынята таксама заява ў сувязі з антыкананічнымі дзеяннямі Канстанцінопальскага Патрыярхату ва Украіне (журнал № 69).

Згодна з рашэннем Свяшчэннага Сінода, ва ўсіх храмах Рускай Праваслаўнай Царквы будуць узносіцца малітвы аб адзінстве Святога Праваслаўя (журнал № 70).

Журналы пасяджэння Свяшчэннага Сінода ад 14 верасня 2018 года 

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by