Мітрапаліт Павел узначаліў правядзенне Каляднага вечара Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра
18 студзеня 201917 студзеня 2019 года ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся Калядны вечар Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла».
Калядны вечар з'яўляецца штогадовым царкоўна-грамадскім мерапрыемствам, якія праводзяцца Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам у дні Калядных Святак.
Сход узначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
На вечары прысутнічалі прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыі, супрацоўнікі акрэдытаваных у Беларусі дыпламатычных місій, святары, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі.
Вечар адкрыўся выступленнем дзіцячага хору Лізавецінскага манастыра горада Мінска (рэгент Марыя Бахвалава), які выканаў трапар і кандак Ражджаства Хрыстова.
З прывітальным словам да арганізатараў і гасцей вечара звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Павіншаваўшы прысутных са святам Ражджаства Хрыстова, уладыка Экзарх нагадаў, што на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства сілы зла паўставалі на Царкву Хрыстову, але пацярпелі паражэнне, не здолеўшы адолець яе. Магутныя дзяржавы, вялікія імперыі спрабавалі сцерці Царкву з твару зямлі, але прайшоў час — і самі імперыі зніклі з гістарычнай арэны, а Царква жывая, таму што ніякай зямной сіле не дадзена перамагчы праўду Божую і заснаваную Іісусам Хрыстом Царкву. Архіпастыр падкрэсліў, што, згодна з Нагорнай пропаведдзю Спасіцеля, чыстыя сэрцам Бога ўбачаць (гл. Мф. 5:8), і заклікаў усіх імкнуцца зберагчы ў сваіх сэрцах часцінку дзіцячай некранутай чысціні, шчырасці, непасрэднасці. Мітрапаліт Павел пажадаў удзельнікам вечара свята захоўваць веру ў Бога і вернасць Царкве, словам і справай выконваць запаведзі любові да Госпада і блізкіх, дзяліцца з навакольнымі душэўным цяплом і радасцю аб Народжаным у Віфлееме Спасіцелі свету.
Прысутных таксама віталі: намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Іванаўна Радчанка, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Мікалаеўна Дулава, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-Каталіцкай Царквы Юрый Касабуцкі. Былі зачытаны прывітальныя адрасы ад Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрстваў замежных спраў, адукацыі, культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Цэнтральнай падзеяй Каляднага вечара стала традыцыйнае уручэнне Калядных прэмій Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра «За асаблівы ўклад у справу хрысціянскай асветы і адукацыі, дбайнае служэнне Царкве Хрыстовай у справе выхавання моладзі, уклад у развіццё тэалагічнай адукацыі». У гэтым годзе былі ўдастоены прэмій:
- протаіерэй Кірыл Шолкаў, настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Усецарыца» ў горадзе Мінску, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы;
- Вераніка Уладзіміраўна Сярдзюк, старшыня мясцовага дабрачыннага аб'яднання «Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства "Матуля"».
Словы падзякі ўсім удзельнікам асветніцкіх і сацыяльных праектаў МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла» выказаў старшыня праўлення Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра іерэй Святаслаў Рагальскі.
Святочны вечар завяршыўся канцэртнай праграмай «Музычнае прынашэнне», арганізаванай сумесна з Беларускім саюзам музычных дзеячаў. У канцэрце прынялі ўдзел: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы пад кіраўніцтвам Вольгі Янум, літургічны хор «Голас душы» касцёла святых Сымона і Алены горада Мінска пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай, узорны дзіцячы хор «Спяваючыя музыканты» Рэспубліканскай гімназіі-каледжа Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраваннем Алы Мазуравай.