Мітрапаліт Павел узначаліў урачысты акт з нагоды Дня праваслаўнай кнігі
16 сакавіка 201815 сакавіка 2018 года ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі прайшло культурна-адукацыйнае мерапрыемства «Святло веры, святло кнігі», прымеркаванае да Дня праваслаўнай кнігі.
У гэтым годзе ўрачыстае мерапрыемства прысвячалася 220-годдзю з дня нараджэння і 150-годдзю з дня блажэннай скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), ініцыятара ўз'яднання беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой.
Удзел ва ўрачыстым акце з нагоды Дня праваслаўнай кнігі прынялі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, епіскап: Тураўскі і Мазырскі Леанід; Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы; Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы; Слуцкі і Салігорскі Антоній; Лідскі і Смаргонскі Парфірый; духавенства Беларускага Экзархату, кіраўнікі мясцовых выканаўчых органаў, прадстаўнікі Міністэрстваў культуры, інфармацыі і адукацыі Беларусі, кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, рэктары вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцы духоўных школ і свецкіх навучальных устаноў Беларусі.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы, Мінская духоўная акадэмія, Лізавецінскі жаночы манастыр у горадзе Мінску, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў святкавання Дня праваслаўнай кнігі звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Уладыка Экзарх падкрэсліў, што святкаванне Дня праваслаўнай кнігі заклікана прывіць маладому пакаленню любоў да чытання і павагу да культуры, неад'емнай часткай якой была, ёсць і будзе кніга. Мітрапаліт Павел выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на імклівае развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій, кніга па-ранейшаму будзе запатрабавана грамадствам, паколькі яна вельмі эфектыўна спрыяе творчаму развіццю мыслення кожнага чалавека.
Архіпастыр адзначыў, што ў гэты святочны дзень мы ўспамінаем людзей, якія стаялі ля вытокаў славянскага пісьменства і кнігавыдавецтва. Гэта роўнаапостальныя браты Кірыл і Мяфодзій, свяціцель Кірыл Тураўскі, прападобная Еўфрасіння Полацкая, першадрукары Францыск (у Святым Хрышчэнні Георгій) Скарына і дыякан Георгій Фёдараў і многія іншыя падзвіжнікі і асветнікі.
Мітрапаліт Павел нагадаў, што гэты год у Беларускай Праваслаўнай Царкве абвешчаны годам мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), праца якога спрыяла духоўнаму яднанню беларускага народа ў лоне Праваслаўнай Царквы. У цяжкі перыяд часу жыў і служыў мітрапаліт Іосіф. Мы, успамінаючы яго і тыя складаныя гады, заклікаем нашых сучаснікаў нікога не асуджаць, ні з кім не варагаваць, цаніць мір і згоду, якія сёння існуюць у нашай Айчыне, і дзякаваць за гэта Богу. Патрыяршы Экзарх пажадаў, каб адзінства, мір і згода, умацаванню якіх служыў мітрапаліт Іосіф, прысутнічалі і ў нашым сучасным жыцці.
Згодна з указам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі быў узнагароджаны юбілейным медалём «У памяць 100-годдзя аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве». Патрыяршую ўзнагароду Раману Сцяпанавічу ўручыў мітрапаліт Павел.
Былі паказаны фрагменты дакументальнага фільма, прысвечанага жыццю і дзейнасці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) і яго паплечнікаў.
Адбылася канцэртная праграма з удзелам камернага хору Salutaris (мастацкі кіраўнік і дырыжор Вольга Янум), зводнага хору Мінскай духоўнай акадэміі і Мінскага духоўнага вучылішча (рэгент Наталля Мядзведзь), дзіцячага хору гімназіі пры Лізавецінскім манастыры (рэгент Марыя Бахвалава), брацкага хору Лізавецінскага манастыра (рэгент Яўген Пракоф'еў), клірыка Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска протадыякана Уладзіміра Назарава.
У сценах акадэміі была адкрыта і працавала выстава кніг беларускіх праваслаўных выдавецтваў: Выдавецтва Беларускага Экзархату, Выдавецтва Лізавецінскага манастыра, Брацтва ў гонар святога Архістратыга Міхаіла, Выдавецтва Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску і Выдавецтва Дзмітрыя Харчанкі, якія прадставілі свае навінкі дзіцячай літаратуры, твораў святых айцоў і настаўнікаў Царквы, духоўна-асветніцкіх і апалагетычных выданняў.