Мітрапаліт Павел узначаліў пасяджэнне Вучонага савета Мінскай духоўнай акадэміі

10 мая 2018

top.jpg

10 мая 2018 года пад старшынствам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адбылося чарговае пасяджэнне Вучонага савета Мінскай духоўнай акадэміі.

У ходзе пасяджэння былі зацверджаны ўдакладненыя фармулёўкі тэм магістарскіх дысертацый студэнтаў другога курсу. Загадчыкі кафедр прадставілі справаздачы аб выніках перадабарон магістарскіх дысертацый і аб прызначэнні рэцэнзентаў, а таксама аб гатоўнасці да абароны кандыдацкіх дысертацый аспірантаў трэцяга года навучання.

Рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў) далажыў аб змене тэрмінаў падачы дакументаў для прыёму ў магістратуру і аспірантуру ў 2018 годзе. Загадчык аддзялення завочнага навучання іерэй Раман Арцёмаў выступіў са справаздачай аб выніках восеньска-зімовай экзаменацыйнай сесіі на завочным аддзяленні. Таксама былі разгледжаны паступіўшыя просьбы.

Загадчык Курсаў павышэння кваліфікацыі для святароў Мінскай мітраполіі дыякан Дзмітрый Дудкін прадставіў справаздачу аб дзейнасці Курсаў у бягучым навучальным годзе. Першы прарэктар протаіерэй Уладзімір Далгаполаў прадставіў праект водгуку на прапанову аб прадастаўленні ўсім святарам права служэння Літургіі з адчыненай Царскай брамай да «Ойча наш». Прарэктар па навуковай рабоце А. В. Слесараў далажыў аб зборніку дакладаў навуковай канферэнцыі кафедры Царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін, які выйшаў у выдавецтве Акадэміі.

Вучоны Савет абмеркаваў сітуацыю, якая стварае сур'ёзныя маральныя, духоўныя і нават фізічныя праблемы навучальнаму працэсу ў акадэміі і пражыванню студэнтаў у інтэрнаце. Праблема звязаная з тым, што на вуліцах Зыбіцкай і Кірыла і Мяфодзія, прылеглых да вучэбных карпусоў Мінскай духоўнай акадэміі, у апошнія два гады адкрыўся цэлы шэраг забаўляльных, піцейных устаноў. З ранняй вясны і да позняй восені, днём і ўсю ноч да раніцы весяліцца народ, распіваючы спіртныя напоі і слухаючы музыку.

На названай тэрыторыі выступаюць вулічныя музыкі з гукаўзмацняльнай апаратурай, а на плошчы, перад кафедральным саборам, праводзяцца вячэрнія і начныя канцэрты. У непасрэднай блізкасці да саборнага храма і студэнцкага інтэрната адбываецца масавае публічнае распіццё алкагольных напояў маладымі гараджанамі і гасцямі сталіцы.

Комплекс будынкаў Духоўна-адукацыйнага цэнтра, які быў пабудаваны пры падтрымцы дзяржавы, сёння перажывае сур'ёзны падрыў свайго першапачатковага прызначэння. Бяссонныя ночы студэнтаў Акадэміі негатыўна адбіваюцца на іх фізічным здароўі і духоўным стане.

Вучоны Савет прыняў рашэнне звярнуцца ў Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы з просьбай хадайніцтва перад органамі Дзяржаўнай улады аб умяшанні ў сітуацыю і садзейнічанні ў выпраўленні нездаровай абстаноўкі на прылеглай да Духоўна-адукацыйнага цэнтра тэрыторыі сталіцы.

Church.by

Фотарэпартаж