Мітрапаліт Веніямін прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства
05 верасня 20215 верасня 2021 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства ў горадзе Капылі.
У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын і іншыя афіцыйныя асобы.
Звяртаючыся з прывітальным словам да прысутных, Патрыяршы Экзарх падкрэсліў, што захаванне памяці аб мінулым Айчыны, беражлівыя адносіны да духоўнай і культурнай спадчыны прадвызначаюць здольнасць будаваць будучыню. «У нас адна задача — даць людзям, асабліва падрастаючаму пакаленню, дзецям і моладзі, максімальна поўнае ўяўленне аб духоўных і культурна-гістарычных каранях нашай спадчыны», — сказаў архіпастыр.
У сваім выступленні мітрапаліт Веніямін асабліва адзначыў асветніцкую значнасць штогадовай экспедыцыі «Дарога да святыняў», якая папярэднічае Дню беларускага пісьменства. «На працягу дваццаці васьмі гадоў экспедыцыя традыцыйна праходзіць па беларускіх дарогах, і разам з лампадай з Благаславёным агнём ад Гроба Гасподняга нясе людзям святло Хрыстова ў розныя куткі нашай краіны — нагадаў мітрапаліт Веніямін. — Гэтае святло ляжыць у аснове нашай маралі, культуры і светапогляду. Нездарма на працягу стагоддзяў настаўнікамі зямлі Беларускай былі хрысціянскія асветнікі. Успомнім імёны Еўфрасінні Полацкай, Кірыла Тураўскага, Георгія Скарыны, Афанасія Брэсцкага, Сімяона Полацкага. Дзякуючы іх намаганням была апрацавана глеба, на якой квітнее наша культура, і выхаваны такія якасці грамадства, якія дазволілі яму перажыць усе нягоды і стаць адной з самых адукаваных і культурных нацый».
Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы нагадаў, што ў наступным годзе будзе адзначацца 1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях. «Вера ставіць перад намі вышэйшы ідэал. І такія святы, як Дзень беларускага пісьменства, заклікаюць усіх нас прыняць гэты ідэал, і адпавядаць яму, каб стаць годнымі прадаўжальнікамі справы вялікіх асветнікаў нашай краіны», — завяршыў сваё выступленне ўладыка Экзарх.
* * *
Традыцыя святкавання Дня беларускага пісьменства, які штогод адзначаецца ў першую нядзелю верасня, зарадзілася ў 1994 годзе. Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Да свята было прымеркавана завяршэнне XXVIII навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў». Яе ўдзельнікі з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга і Загор'е-Сталавіцкай іконай Пакрова Божай Маці пераадолелі маршрут у 780 км праз Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Лунінецкі, Салігорскі і Уздзенскі раёны, наведваючы месцы, звязаныя з духоўнай і гісторыка-культурнай спадчынай нашага народа.