Мітрапаліт Веніямін заклікаў да ўзмацнення малітваў аб ацаленні хворых і ўмацаванні сіл ўсіх тых, хто змагаецца з каронавіруснай інфекцыіяй
23 верасня 2021Дарагія айцы, браты і сёстры!
У гэтыя дні мы чуем трывожныя навіны аб новай хвалі каронавіруснай інфекцыі, значным росце захворвання. Гэта пабуджае нас да ўзмацнення малітваў аб ацаленні хворых, умацаванні сіл ўсіх, хто змагаецца з небяспечнай пандэміяй. Агульнацаркоўная, а разам з ёй і асабістая хатняя малітва, заўсёды дапамагалі нашаму народу выстаяць у любых выпрабаваннях.
Неспрыяльная эпідэміялагічная абстаноўка не павінна нас пазбаўляць душэўнай раўнавагі, надзеі на міласэрнасць Божую і ўпэўненасці ў Яго няспынным промысле аб кожным з нас і нашай краіне. «А ў вас і валасы́ на галаве ўсе палíчаны. Таму не бойцеся..», — падбадзёрвае нас Гасподзь (Мф. 10:30-31).
Не раз заўважана, што часта асабліва цяжка хварэюць людзі, якія альбо панічна баяцца захварэць і спадзяюцца толькі выключна на меры засцярогі, альбо тыя, хто цалкам адпрэчваюць небяспеку захворвання, неразумна ігнаруючы ўсе рэкамендацыі.
Немагчыма цалкам засцерагчы сябе ад існуючай небяспекі, але кожны з нас у сілах паклапаціцца аб тым, каб абараніць сябе і сваіх блізкіх ад непатрэбнай рызыкі. Пачасціўшыяся выпадкі захворвання нагадваюць нам аб неабходнасці прытрымлівання рэкамендаваных Міністэрствам аховы здароўя мер, накіраваных на абмежаванне распаўсюджвання інфекцыі.
У сувязі з гэтым лічу важным нагадаць аб неабходнасці захавання ў храмах і манастырах Беларускай Праваслаўнай Царквы рэкамендацый, якія былі выпрацаваны ў першыя месяцы распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі.
Мы ведаем з гісторыі, што вакцынацыя ад розных хвароб выратавала мільёны чалавечых жыццяў, а Праваслаўная Царква заклікала з мудрым разважаннем ставіцца да мер, што прымаюцца для абмежавання распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў.
Таму памылковым з'яўляецца сцвярджэнне, што прынцыповая адмова ад вакцынацыі як такой можа быць абумоўлена праваслаўным веравучэннем. Выбар на карысць прышчэпкі або адмовы ад яе з'яўляецца індывідуальным рашэннем кожнага чалавека, якія прымаюцца на аснове асабістых перакананняў, ведаў, жыццёвага вопыту, а таксама з улікам інфармацыі аб магчымых наступствах вакцынацыі, атрыманай ад медыцынскіх работнікаў, прадстаўнікоў навуковай супольнасці.
Разам з тым недапушчальным і грахоўным з'яўляецца распаўсюджванне ілжывых вучэнняў, якія атаясамліваюць вакцынацыю з «прыняццем пячаткі антыхрыста», роўна як і сцвярджэнняў аб нібыта таемным чыпіраванні чалавецтва, што ажыццяўляецца з дапамогай вакцынацыі. У гэтых умовах узрастае адказнасць кожнага святара, паколькі менавіта пастырскае слова або парады можа стаць вызначальнымі ў выпадку звароту за тлумачэннем неабходнасці або магчымасці вакцынацыі.
Памятаючы пра неабходнасць малітвы і пакаяння, якія асабліва важныя ў часы выпрабаванняў, будзем разважлівыя ў сваім штодзённым жыцці і ўважлівыя да людзей, якія нас атачаюць. Цвёрда верачы ва ўсемагутную Божую дапамогу, будзем памятаць і аб адказнасці, якая ляжыць на нас перад Богам не толькі за сябе, але і за нашых блізкіх.
З благаславеннем
+ ВЕНІЯМІН,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі