Мітрапаліт Веніямін заклікае дапоўніць усяночнае трыванне свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы малітвамі за Беларусь
19 верасня 2020Дарагія ў Госпадзе архіпастыры,
пачэсныя айцы і матушкі ігуменні,
узлюбленыя ў Хрысце браты і сёстры!
У наступны нядзельны дзень, 20 верасня 2020 года, калі ва ўсіх храмах і манастырах Беларускай Праваслаўнай Царквы будзе здзяйсняцца ўсяночнае трыванне напярэдадні свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, заклікаю ўсіх вас асабліва праславіць Прачыстую Дзеву і звярнуцца да яе з малітвай аб Айчыне і народзе нашым.
У сувязі з надыходзячай урачыстасцю, у бліжэйшы нядзельны дзень благаслаўляецца асобны чын малебна за Беларусь не здзяйсняць, але дапоўніць святочнае ўсяночнае трыванне адмысловымі прашэннямі аб Айчыне і народзе нашым у складзе патроенай екценні на вялікай вячэрні і ўтрані. Таксама на ліціі, пасля выгаласу «Услыши ны, Боже, Спасителю наш…», прашу прадстаяцеляў да чытання звычайнай ліційнай малітвы абвясціць: «Госпаду памолімся» і дадаткова ўзнесці дзве малітвы: «За Беларусь» і «Падчас распаўсюджвання шкоднай пошасці».
Тэкст дадатковых прашэнняў асабліва екценьні і згаданых малітваў дадаецца да гэтага пісьма.
У наступныя нядзельныя дні прашу працягваць здзяйсненне малебных спеваў аб Айчыне нашай паводле чына, благаславенне здзяйсняць які было даведзена да кліра і паствы Беларускай Праваслаўнай Царквы ў нашым звароце ад 4 верасня 2020 года.
Няхай дапаможа нам і ўмацуе нас усіх Гасподзь, па малітвах Прасвятой Багародзіцы і ўсіх святых зямлі Беларускай!
+ Веніямін,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі