Мітрапаліт Веніямін здзейсніць чын асвячэння новага прастола ў правым прыдзеле ў гонар Казанскага абраза Прасвятой Багародзіцы Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска

03 лістапада 2021

top.jpg

4 лістапада 2021 года, у свята Казанскай іконы Божай Маці, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніць чын асвячэння новага прастола ў правым прыдзеле ў гонар Казанскага абраза Прасвятой Багародзіцы Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска, а затым узначаліць у прыдзеле Бажэственную літургію.

Пачатак Бажэственнай літургіі ў 7.00.

***

Упершыню правы прыдзел ў гонар Казанскай іконы Прасвятой Багародзіцы з паўднёвага боку Свята-Духава кафедральнага сабора быў асвячаны ў 1968 годзе. Ён з'яўляецца памяццю аб двух зьнішчаных у гады ганенняў за веру мінскіх храмах – драўляным і мураваным, якія таксама былі асвячаны ў гонар Казанскай іконы Божай Маці.

Першай была пабудавана драўляная Свята-Казанская царква на рагу вуліц Захар'еўскай і Нова-Маскоўскай (цяпер вуліцы Савецкая і Мяснікова). У кастрычніку 1890 года яна была асвячана Праасвяшчэнным Сімяонам (Ліньковым), епіскапам Мінскім і Тураўскім. Храм быў узведзены за кошт ахвяраванняў служачых Лібава-Роменскай і Маскоўска-Брэсцкай чыгунак, нядаўна якія ўвайшлі ў строй. Да 1898 Свята-Казанская, або, як яе яшчэ называлі, Прывакзальная царква была пашырана. Тады ж пры царкве заснавалі брацтва, галоўным абавязкам якога было збіраць сродкі на будаўніцтва ў гэтым раёне новага, больш умяшчальнага і трывалага храма. Пасля сацыялістычнай рэвалюцыі 1917 года ў драўлянай Свята-Казанскай царкве размясціўся «Клуб для глуханямых». Набажэнствы ў гэтым храме аднавіліся толькі ў пачатку верасня 1941 года. У першай палове 1945 года гэтая царква стала архіерэйскай (Крыжовай). У 1961 годзе драўляная Свята-Казанская царква была знесена.

Другая, каменная Свята-Казанская царква была пабудавана да 1914 года і ў кастрычніку таго ж года Праасвяшчэнны Мітрафан (Краснапольскі), епіскап Мінскі і Тураўскі (у снежні 2001 года прылічаны да ліку новамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Рускай), здзейсніў чын асвячэння новага каменнага прывакзальнага храма ў гонар Казанскай іконы Божай Маці. Гэта быў велічны сабор, пабудаваны ў папулярным тады неавізантыйскім стылі. Ён размяшчаўся ў цэнтры цяперашняй плошчы Мяснікова (цяпер на гэтым месцы сыходзяцца вуліцы Савецкая, Бабруйская і Мяснікова). Сабор, акрамя галоўнага Казанскага, меў яшчэ адзін прастол у імя свяціцеля Аляксія, мітрапаліта Маскоўскага, і ўсяе Русі Цудатворца.

Пасля рэвалюцыі 1917 года ў царкве яшчэ некаторы час здзяйсняліся набажэнствы. У 1930 годзе бальшавікі зачынілі каменны Свята-Казанскі храм, знялі з яго крыжы і зладзілі ў ім клуб чыгуначнікаў. У 1936 годзе храм быў узарваны.

sabor.by/Church.by