Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён: мы спадзяемся на тое, што цвярозы розум пераможа

16 кастрычніка 2018

top.jpg

Па завяршэнні пасяджэння Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, якое прайшло 15 кастрычніка 2018 года ў Мінску, адбыўся брыфінг для журналістаў. Аб прынятых рашэннях прадстаўнікам СМІ распавёў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён:

— На сённяшнім пасяджэнні было прынята рашэнне аб поўным разрыве еўхарыстычных зносін з Канстанцінопальскім Патрыярхатам. Гэта вымушанае рашэнне, але іншага рашэння наш Свяшчэнны Сінод не мог прыняць, паколькі да гэтага вяла ўся логіка апошніх дзеянняў Канстанцінопальскага Патрыярхату.

Некалькі дзён таму на пасяджэнні Сінода Канстанцінопальскага Патрыярхату было вырашана, што ён аднаўляе ў свяшчэнным сане адлучанага ад царквы лідара ўкраінскага расколу Філарэта (Дзенісенку) і лідара яшчэ адной раскольніцкай групоўкі. Прынята рашэнне «скасаваць» акт Канстанцінопальскага Патрыярхату ад 1686 года аб уключэнні Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскага Патрыярхату, а таксама заснаваць стаўрапігію Канстанцінопальскага Патрыярхату на Украіне.

Усе гэтыя рашэнні з'яўляюцца беззаконнымі і кананічна нікчэмнымі з пункту гледжання Рускай Праваслаўнай Царквы, якая іх не прымае і не будзе іх прытрымлівацца. Раскол застаецца расколам. Лідары расколу застаюцца лідарамі расколу, а Царква, якая, прызнаўшы раскольнікаў, уступае з імі ў зносіны, тым самым выключае сябе з кананічнага поля Праваслаўнай Царквы. Менавіта гэта з'яўляецца галоўнай прычынай, па якой мы вымушаныя прыпыніць зносіны з Канстанцінопальскім Патрыярхатам, які цалкам ідэнтыфікаваў сябе з расколам.

Хацеў бы сказаць пра тое, што гэта не першы выпадак падобнага роду ў гісторыі Праваслаўнай Царквы. Быў выпадак, напрыклад, калі Канстанцінопальскі Патрыярх упаў у ерась; гэтую ерась асудзілі на III Усяленскім саборы, а Патрыярх Канстанцінопальскі Несторый быў звергнуты. Быў выпадак праз тысячу гадоў, калі Канстанцінопальскі Патрыярх падпісаў унію з Рымам. Гэта дзеянне асудзілі кіраўнікі іншых Памесных Праваслаўных Цэркваў. Яно было асуджана таксама ў Рускай Праваслаўнай Царкве. Менавіта таму, што на той момант у Канстанцінопалі не было кананічнага Патрыярха, а быў патрыярх-уніат, Руская Праваслаўная Царква самастойна абрала свайго мітрапаліта; і з гэтага моманту Руская царква пачала сваё быццё як Царква аўтакефальная.

Нарэшце, ва ўжо дастаткова нядаўні час — у 1996 годзе — Канстанцінопальская Царква ўварвалася ў кананічныя межы Рускай Царквы, заснаваўшы сваю юрысдыкцыю ў Эстоніі. І мы таксама былі вымушаны прыпыніць еўхарыстычныя зносіны з гэтай Царквой.

Сёння прынята рашэнне, якога патрабавалі царкоўныя каноны; мы прынялі заяву Свяшчэннага Сінода, у якой падрабязна тлумачыцца, чаму і на якіх падставах гэтае рашэнне было прынята. У прыватнасці, мы ўзгадваем пра тыя кананічныя правілы, якія не дазваляюць епіскапу адной Царквы ўмешвацца ў справы іншай Памеснай Царквы. Мы прыводзім тлумачэнні аўтарытэтнага візантыйскага кананіста Іаана Занары і прападобнага Нікадзіма Святагорца, якія кажуць, што Канстанцінопальскі Патрыярх мае ўладу прымаць апеляцыі ў межах сваёй Царквы, аднак не можа прымаць апеляцыі ад іншых Памесных Цэркваў, на чым цяпер ён беспадстаўна настойвае. Новае і антыкананічнае вучэнне пра нібыта наяўныя прывілеі Канстанцінопальскага Патрыярхату ў аднабаковым парадку прымаць апеляцыі ад іншых Памесных Цэркваў не знаходзіць падстаў у святых канонах Праваслаўнай Царквы.

Па сукупнасці ўсіх гэтых прычын сёння было прынята рашэнне аб разрыве еўхарыстычных зносін з Канстантынопальскім Патрыярхатам.

Мы спадзяемся на тое, што цвярозы розум пераможа, што Канстанцінопальскі Патрыярхат зменіць сваё стаўленне да існуючай царкоўнай рэальнасці. Але да таго часу, пакуль гэтай змены не адбылося, пакуль беззаконныя і антыкананічныя рашэнні застаюцца, з пункту гледжання Канстанцінопаля, у сіле, мы не зможам знаходзіцца ў зносінах з гэтай Царквой, якая апынулася сёння ў расколе.

Далей мітрапаліт Валакаламскі Іларыён адказаў на пытанні журналістаў.

— Вы сказалі, што ў 1996 годзе па Канстанцінопальскай Царкве было прнытяа рашэнне аб разрыве еўхарыстычных зносін. А ці можна параўнаць тагачасныя царкоўныя падзеі з тым, што адбываецца цяпер?

— У 1996 годзе Канстанцінопальскі Патрыярхат уварваўся ў межы Рускай Праваслаўнай Царквы і ўсталяваў на яе кананічнай тэрыторыі сваю юрысдыкцыю. Гэтага рашэння мы не прызналі і цяпер не прызнаем. Але кананічныя злачынствы, якія здзейсненыя сёння Канстанцінопальскім Патрыярхатам, значна больш цяжкія, таму што ён абвясціў аб намеры даць аўтакефалію частцы Рускай Праваслаўнай Царквы, прычым не той частцы, якая калісьці знаходзілася ва ўладаннях Канстанцінопаля.

Кіеўская мітраполія, якая ў 1686 годзе ўвайшла ў склад Маскоўскага Патрыярхату, тэрытарыяльна не супадала з цяперашняй Украінскай Праваслаўнай Царквой — яна была значна меншай. Туды не ўваходзілі такія тэрыторыі, як Данбас, поўдзень Украіны, Адэса і многія іншыя вобласці. Гэта значыць рашэнне «ануляваць» акт 1686 года і спроба прадставіць справу так, быццам бы на працягу ўсіх гэтых трохсот з лішнім гадоў уся тэрыторыя Украіны знаходзілася ў складзе Канстанцінопальскага Патрыярхату, цалкам супярэчаць гістарычнай праўдзе, і мы пра гэта таксама сказалі сёння ў заяве Свяшчэннага Сінода.

— Як вернікам рэагаваць на рашэнне Свяшчэннага Сінода? Што гэта азначае для простых прыхаджан Рускай Праваслаўнай Царквы?

— Думаю, што трэба рэагаваць спакойна. У практычным плане гэтае рашэнне азначае, што мы не зможам здзяйсняць сумесныя набажэнствы з Канстанцінопальскім Патрыярхатам, нашы архіерэі і святары не змогуць удзельнічаць у здзяйсненні Літургіі сумесна з іерархамі і святарамі Канстанцінопальскага Патрыярхату, а міране не змогуць прычашчацца ў храмах Канстанцінопальскага Патрыярхату. Пра гэта таксама сказана ў сённяшняй Заяве.

— Ці будзе нейкая апеляцыя да кіраўнікоў іншых Памесных Цэркваў?

— Мы праінфармуем усе Памесныя Царквы пра здзейсненае рашэнне.

— Як вы думаеце, ці не пацягне падобнае развіццё падзей эскалацыю канфлікту на Украіне з захопам храмаў, з сілавымі дзеяннямі?

— Мы спадзяемся на разумны сэнс. Спадзяемся на тое, што не будзе ніякіх сутыкненняў на гэтай глебе. Мы чулі запэўніванні прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі аб тым, што ўсе вернікі Украіны будуць мець магчымасць хадзіць у тую царкву, да якой яны належаць, што ніякіх перашкод ім чыніцца не будзе, і выказваем надзею на тое, што гэтыя абяцанні будуць выкананыя.

— Што гэтая сітуацыя азначае для Беларускай Праваслаўнай Царквы? Яна таксама аўтаматычна разрывае адносіны з Канстанцінопалем?

— Беларуская Праваслаўная Царква як частка Рускай Праваслаўнай Царквы далучаецца да гэтага рашэння. У пасяджэнні Сінода ўдзельнічаў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, а ўчора мы мелі магчымасць абмеркаваць сітуацыю, якая склалася, з членамі Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы. Прынятыя рашэнні распаўсюджваюцца на ўсю кананічную тэрыторыю Рускай Праваслаўнай Царквы, уключаючы і Беларусь.

— А члены Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы аднагалосна падтрымліваюць гэтыя рашэнні?

— Гэта пытанне, якое вы зможаце задаць Патрыяршаму Экзарху.

— На днях прэзідэнт Парашэнка сустракаўся з Блажэннейшым мітрапалітам Ануфрыем і ці то ўгаворваў яго ўзначаліць гэтую новую, яшчэ не створаную аўтакефальную царкву, ці то неяк яму пагражаў. Вы не маглі б больш падрабязна расказаць аб гэтай сустрэчы?

— Я думаю, што правільна было б задаць гэтае пытанне Блажэннейшаму мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Украіны Ануфрыю. Варта адзначыць, што Блажэннейшы мітрапаліт удзельнічаў у сённяшнім пасяджэнні ад пачатку і да канца і, як і ўсе члены Сінода, падтрымаў прынятыя рашэнні.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by

Фотарэпартаж