На Аўгустоўскім канале адбыўся злёт праваслаўнай моладзі Гродзенскай епархіі [+відэа]
05 жніўня 2021У Гродзенскай епархіі з 2 па 5 жніўня 2021 года адбыўся штогадовы злёт праваслаўнай моладзі. Моладзевы форум праходзіў ля шлюза «Дамброўка» на Аўгустоўскім канале.
Па падліках арганізатараў сёлета злёт сабраў каля 180 маладых людзей з Гродна, Ваўкавыска, Зэльвы, Мастоў, Свіслачы, Скідзеля і Верцялішак. Гасцямі злёту Гродзенскай епархіі таксама сталі ўдзельнікі з Мінска, Брэста, Ліды, Салігорска, Барысава, Ляхавіч, Жыровічаў і Екацярынбурга.
Злёт праходзіў пад дэвізам «Заўсёды ра́дуйцеся. Няспы́нна маліцеся. За ўсё дзя́куйце: бо гэта воля Божая ў Хрысце Іісусе для вас» (1Фес. 5:16-18). На працягу 4 дзён хлопцы і дзяўчаты размаўлялі, абменьваліся вопытам царкоўнага служэння, удзельнічалі ў гутарках са святарамі, багаслоўскіх лекцыях, спартыўных гульнях і канцэртах.
Цэнтральнай падзеяй злёту стала начная Бажэственная літургія 5 жніўня ў Спаса-Праабражэнскім храме аграгарадка Сапоцкін, якую ўзначаліў Праасвяшчэнны Антоній, епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі.
Па заканчэнні Літургіі епіскап Антоній звярнуўся да маладых людзей з пропаведдзю, падкрэсліўшы важнасць падобных сустрэч і жывых зносін праваслаўнай моладзі сёння. Асабліва цёпла уладыка прывітаў хлопцаў і дзяўчат, якія прыехалі для ўдзелу ў злёце з Екацярынбурга. Размова з архіпастырам працягнулася падчас агапы на тэрыторыі каля храма.