На базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі адбыліся традыцыйныя гарадскія адкрытыя Свята-Мікалаеўскія духоўна-асветніцкія чытанні

28 верасня 2021

top.jpg

24 верасня 2021 года на базе ДУА «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі» адбыліся традыцыйныя гарадскія адкрытыя Свята-Мікалаеўскія духоўна-асветніцкія чытанні. У гэтым годзе яны былі прымеркаваны да 800-годдзя з дня нараджэння святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага і праводзіліся ў рамках штогадовага гарадскога фестывалю мастацкай і інтэлектуальнай творчасці «Мой Мінск — мая сталіца — творчасці і таленту крыніца!».

У рамках работы чытанняў былі разгледжаны такія тэмы, як адраджэнне духоўна-маральных каштоўнасцяў і традыцый у адукацыйным працэсе; традыцыі хрысціянскага выхавання ў сям'і; узаемадзеянне сям'і, установы адукацыі і рэлігійных канфесій у пытаннях выхавання падрастаючага пакалення; гісторыя і развіццё рэлігійных канфесій на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і іншыя.

Удзельнікамі чытанняў сталі педагогі, навучэнцы і іх бацькі, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Адкрылі канферэнцыю Захожая М. М., начальнік цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы ДУА «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі» і старшыня МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» свяшчэннік Святаслаў Рагальскі.

Мадэратарамі чытанняў выступілі: Карпушава М. М., начальнік упраўлення ідэалагічнай і выхаваўчай работы і Рагальская К. А., начальнік аддзела сацыяльнай работы і прававой абароны дзяцінства ДУА «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі».

У мерапрыемстве, якое праходзіла ў фармаце zoom-канферэнцыі, прыняло ўдзел больш за 100 чалавек.

У рамках абмеркавання вынікаў чытанняў Талкачова А. В., прарэктар па навукова-метадычнай рабоце ДУА «Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі», адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў чытанняў, асабліва вылучыўшы даследаванні-даклады і эсэ навучэнцаў сталічных гімназій № 25 і 34, 33, сярэдняй школы №217.

Па выніках адкрытых Свята-Мікалаеўскіх духоўна-асветніцкіх чытанняў удзельнікі атрымалі электронныя сертыфікаты, дакладчыкі — сертыфікаты і памятныя падарункі.

Church.by