На грамадскае абмеркаванне вынесены праект плана правядзення 29-й Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў»
30 ліпеня 2022На грамадскае абмеркаванне вынесены праект плана правядзення 29-й Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» якая па традыцыі праводзіцца напярэдадні Дня беларускага пісьменства.
Сёлета экспедыцыя будзе праходзіць з 31 жніўня па 4 верасня праз Мінскую, Тураўскую і Гомельскую епархіі. Прыкладны маршрут яе руху наступны: горад Мінск, Свята-Духаў кафедральны сабор — аграгарадкі Ленін і Мілевічы Жыткавіцкага раёна — гарадскі пасёлак Капаткевічы, аграгарадок Капцэвічы Петрыкаўскага раёна — рабочы пасёлак Сасновы Бор, вёска Узнаж Светлагорскага раёна — гарадскі пасёлак Карма — горад Чачэрск — горад Ветка — гарадскі пасёлак Церахоўка, аграгарадок Карма Добрушскага раёна — горад Добруш, сталіца ХХІХ Дня беларускага пісьменства. Агульная працягласць экспедыцыі складзе 1020 кіламетраў.
Разам з удзельнікамі ў духоўна-асветніцкае шэсце адправяцца святыні, якія ўжо сталі сімваламі экспедыцыі: лампада з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга і цудатворная Загор'е-Сталавіцкая ікона Прасвятой Багародзіцы, якая была здабыта ў 1983 годзе — яна трапіла ў коўш экскаватара пры будаўніцтве дарогі. З 2000 года абраз штогод суправаджае «Дарогу да святыняў».
На шляху руху пройдуць сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, прыхаджанамі храмаў і насельнікамі манастыроў. Таксама запланавана асвячэнне помнікаў і месцаў вайсковай славы, дзе будуць здзяйсняцца памінальныя ліціі. У рамках экспедыцыі намечана правядзенне пяці канферэнцый, а таксама ўрокаў беларускага пісьменства ў школах. Добрай традыцыяй «Дарогі да святыняў» стала пасадка дрэў у месцах наведвання з сімвалічнай назвай — Малітоўны сад.
Арганізацыйны камітэт экспедыцыі запрашае ўсіх зацікаўленых паўдзельнічаць у дэталізацыі базавага маршруту для наведвання мабільнай духоўна-асветніцкай групы і выказаць прапановы з нагоды праграмы мерапрыемстваў.
«Дасылайце свае ініцыятыўныя прапановы на адрас аргкамітэта «Дарогі да святыняў» па электронным адрасе darogadasviatyn@yandex.by і на сайты мясцовых райвыканкамаў, выказвайцеся наконт таго, каго канкрэтна вы хацелі б убачыць сярод удзельнікаў экспедыцыі. Лейтматывам нашага народнага інтэрактыву хай стане наступнае: разам зробім «Дарогу да святыняў» — 2022 па-сапраўднаму яркай, насычанай, незабыўнай падзеяй!» — адзначаюць у сваім звароце арганізатары.
Дэталёвы праект плана правядзення экспедыцыі можна спампаваць для азнаямлення па спасылцы.