Надмагільнае слова Сінода і ўсіх верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы з нагоды скону Мітрапаліта Філарэта

14 студзеня 2021

top.jpg

Дарагія браты і сёстры!

У гэтыя дні, калі Святая Царква працягвае святкаваць Нараджэнне па плоці Госпада Бога і Спаса нашага Іісуса Хрыста, верым, нарадзіўся для вечнасці Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт.

Верачы, што Уладыка чуе нас, адважваемся ад імя ўсіх верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы звярнуцца да яго са словам любові і падзякі.

Дарагі наш Айцец, усе мы — Вашы дзеці ў Хрысце. Пераймаючы подзвіг праведнага Філарэта Міласцівага, імя якога было Вам дадзена ў манаскім пострыгу, вы падалі нам яркі прыклад суцэльнага прысвячэння сябе Богу. Не нам, Госпадзе, не нам, але імені Твайму дай славу (Пс. 113:9), — гэтыя словы Псалмапеўца вы прамаўлялі як свой дэвіз. Сапраўды, у Вас не было прыватнага жыцця: усё, што Вы рабілі, было служэннем адзінаму Цару над царамі і Госпаду над гаспадарамі (1 Цім. 6:15), неаддзельным ад служэння любімаму стварэнню Божаму — чалавеку.

Вашай дбайнай працаю адраджалася пасля доўгіх гадоў «вавілонскага палону» Царква на Белай Русі. Аднаўленне гістарычных епархій, вяртанне праслаўленых святынь, устанаўленне шанавання Сабора Беларускіх святых і кананізацыя мноства падзвіжнікаў, развіццё багаслоўскай адукацыі, дабрачыннасці, місіянерства, — вось плён Вашых дзей, якія былі прынесены ў дар Хрысту ад шчодрасцей нашай Айчыны.

Вы ўвойдзеце ў гісторыю як блажэнны міратворац (гл. Мф. 5:9), які нястомна будаваў мір ўсюды, дзе па Промыслу Божаму Вам даводзілася служыць і працаваць. Стоячы ля вытокаў царкоўна-грамадскага, царкоўна-дзяржаўнага, міжрэлігійнага дыялогу ў Беларусі, вы імкнуліся ўвасобіць у жыццё біблейскі воклік: як добра і як прыемна жыць братам разам! (Пс. 132:1). Усявышні надзяліў Вас дзівосным талентам зносін, і вы ў сто разоў прымножылі срэбра Госпада свайго (гл. Мф. 25: 18), бачачы ў зносінах з людзьмі ласку Божую і нагоду падзякаваць Творцы.

Спазнаеце ісціну, і ісціна вызваліць вас (Ін. 8:32) — абвяшчае Спасіцель. Вы былі чалавекам дзіўнай свабоды духу, Уладыка. Ніколі не губляючы архіерэйскай годнасці, нікому не дагаджаючы і ні перад кім не узвышаючыся, Вы яўлялі навакольным узор высокай прастаты. Кожны, хто знаходзіўся побач з Вамі, адчуваў увагу і цёплую добразычлівасць, прыпраўленую соллю (гл. Кал. 4:6) дасціпнасці. Для многіх Вы сталі сонцам, у промнях якога адаграваюцца і духоўна ўмацоўваюцца чалавечыя сэрцы.

У завяршальны перыяд Вашага зямнога жыцця Вы маглі б, падобна апосталу Паўлу, сказаць: Я — распяты з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос (Гал. 2:19-20). На бальнічным ложку вы пакутавалі разам з кожным, хто пакутуе на Беларускай зямлі, якая стала для Вас роднай.

Зараз мы асірацелі. Ужо няма перад нашымі цялеснымі вачыма Вашага прыкладу, які заадахвочваў нас быць патрабавальнымі да сябе, саромецца сваіх недасканаласцяў і ўзрастаць ў Вашу меру. Але Ваша духоўная спадчына з намі, і мы молім Чалавекалюбнага Госпада даць нам сілы, мудрасці і адказнасці, каб прытрымлівацца завешчаных Вамі шляхоў даверу і любові да Бога і Яго Царквы, сумленнасці перад людзьмі і згоды з сумленнем.

Прабачце нас, Уладыка!

Малітоўна памінаючы Вас, спадзяемся, што і Вы ля прастола Божага будзеце мець вялікую адвагу маліцца за дарагую вашаму сэрцу паству, за Белую Русь!

Даруй, Госпадзі, новаспачыламу рабу Твайму Мітрапаліту Філарэту Царства Нябеснае і ўчыні яму вечную памяць!

Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, старшыня Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы

12 студзеня 2021 года

 Сhurch.by