Настаяцель і прыхаджане храма свяціцеля Кірыла Тураўскага пры МінДА наведалі Слуцк і Тураў
26 ліпеня 201722 ліпеня 2017 года першы прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Уладзімір Далгаполаў і прыхаджане акадэмічнага храма здзейснілі паломніцкую паездку да месца подзвігу святога апекуна Акадэміі – горада Турава. Да паездкі таксама далучыліся падапечныя Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.
На шляху да старажытнай сталіцы беларускага Палесся паломнікі наведалі манастыр у гонар праведнай княгіні Сафіі Слуцкай у Слуцку, дзе маліліся за Бажэственнай літургіяй і прычасціліся Святых Хрыстовых Тайн. Настаяцельніца манастыра ігумення Анастасія (Коржыч) цёпла вітала гасцей абіцелі і паднесла на памяць кожнаму абраз Божай Маці «Достойно есть».
У горадзе Тураве паломнікі наведалі Свята-Барыса-Глебскія могілкі, кафедральны сабор у гонар свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх, Усіхсвяцкі храм і старажытнае замчышча XII стагоддзя. Памочнік настаяцеля кафедральнага сабора распавёў мінчукам аб святынях і гісторыі свайго горада.
Натхнёныя пілігрымкай вернікі прынялі рашэнне рэгулярна наведваць святыні беларускай зямлі. Падчас наступнага паломніцтва плануецца наведаць манастыры і храмы Магілёва і Мсціслава.